Краінам ЭЗ давядзецца плаціць больш у бюджэт супольнасьці. Ня ўсе згодныя

Усе без выключэньня краіны Эўразьвязу будуць вымушаныя павялічыць выплаты ў бюджэт супольнасьці пасьля выхаду Вялікабрытаніі. Пра гэта заявіў у пятніцу старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкэр на нефармальным саміце ЭЗ.

«Калі мы ня хочам згортваць усё праграмы ЭЗ, усім без выключэньня дзяржавам давядзецца плаціць больш», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што пасьля Брэксыту недахоп сродкаў у бюджэце ЭЗ дасягне 20% ад яго цяперашняга аб’ёму.

Пра нязгоду на павелічэньне ўнёску ў бюджэт ЭЗ ужо заявіла Швэцыя. Пра гэта ў Брусэлі заявіў прэмʼер-міністар краіны Стэфан Лёвэн.