Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.
Ужо БНР, яшчэ не незалежная
Аўтары Першай Устаўной Граматы абвясьцілі сябе тымчасовай народнай уладай у Беларусі. У Другой Грамаце 9 сакавіка Беларусь была абвешчаная Народнай Рэспублікай, там былі выкладзеныя асновы дзяржаўнага ладу, дэкляраваныя правы і свабоды.
Абвяшчалася свабода слова і сумленьня, нацыянальна-пэрсанальная аўтаномія ўсіх народаў Беларусі, роўнае права ўсіх моваў тых народаў. Права прыватнай уласнасьці на зямлю касавалася, зямля перадавалася бяз выкупу тым, хто на ёй працуе. (Бяз права ўласнасьці? Тут трошкі незразумела...) Пра дачыненьні з Расеяй, у склад якой Беларусь яшчэ дэ-юрэ ўваходзіла — як і ў Першай Грамаце — ані слова. Яно й ясна. Што там увогуле ў той Расеі робіцца і колькі яна яшчэ будзе існаваць — невядома.
Другая Ўстаўная Грамата
Не хапае літараў «а»
Пры наборы Другой Устаўной Граматы ў друкарні Грынблата ўзьнікла нечаканая праблема — у наборнай касе скончылася літара «а». Друкарня, разьлічаная на расейскамоўны друк, ня мела дастатковага запасу гэтай самай частай літары беларускіх тэкстаў.
Вырашаць гэтую праблему давялося сьпешным парадкам. Відаць, магчымасьцяў папоўніць касу не было, таму друкары, пачынаючы ад 7-га пункту Граматы, пачалі замест малой «а» ўстаўляць вялікую «А», а каб яна надта не вытыркалася, дабіралі словы крыху большым кеглем.
Але ўрэшце не хапіла і вялікіх «А», і таму апошні фрагмэнт тэксту Граматы (ад «Абвяшчаючы усе гэтыя правы...») набіраўся істотна большым кеглем. На самым фінішы Граматы скончыўся запас «а» і ў гэтым кеглі, і ў апошніх трох словах зноў бяруцца вялікія «А» і словы дабіраюцца яшчэ большым кеглем...
На «ў» і «ё» друкары трох Устаўных Граматаў ужо проста махнулі рукой.
Менская гарадзкая дума дае 10 тысяч
З Другой Устаўной Граматай беларуская ўлада зноў ідзе ў Менскую гарадзкую думу — адзіную ацалелую ўстанову прадстаўнічай улады цяпер ужо былой дэмакратычнай Расеі, якая здолела перацярпець некалькі месяцаў бальшавіцкага тэрору.
Народны сакратар Цьвікевіч (так ён названы ў думскім пратаколе, хоць у сьпісах народных сакратароў яго не было) зрабіў драматычны даклад пра міжнародную сытуацыю ў «цяперашні грозны мамэнт». На землі Беларусі, паводле яго, квапяцца іншыя народы — ён пералічвае Літву, Украіну і Польшчу. Таму важна, каб Беларусь вызначыла сябе як дзяржаўны арганізм і абараніла сваю тэрыторыю і ўласнасьць. Тымчасовая ўлада — Выканкам Рады Ўсебеларускага Зьезду — зьвяртаецца да Менскай гарадзкой думы з прапановай дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у Раду Зьезду і дапамагчы матэрыяльна.
Другая Ўстаўная Грамата — як і Першая — дэпутатам Думы спадабалася. Яны дэлегавалі ў Раду 10 прадстаўнікоў і выдзелілі Беларускай Уладзе 10000 рублёў. Аднак у пастанове зноў нагадалі пра непарыўную сувязь з усімі народамі Расейскай Фэдэрацыйнай Дэмакратычнай Рэспублікі. Яны яшчэ верылі ў яе існаваньне.
Жыцьцёва важныя аб’екты
Што ва ўяўленьні Народнага Сакратарыяту БНР уваходзіла ў сьпіс жыцьцёва важных аб’ектаў? 21 сакавіка 1918-га НС разаслаў установам ліст з паведамленьнем, што яны ўжо ад 9 сакавіка — задняй датай — лічацца дзяржаўнымі ўстановамі БНР і ажыцьцяўляюць свае функцыі ад яе імя. Сьпіс адрасатаў быў такі:
- Менскі акруговы суд
- Менская губэрнская камора («присутствие», орган кантролю за мясцовым самакіраваньнем)
- Менскае аддзяленьне Дзяржаўнага банку
- Менская губэрнская акцызная ўправа
- Менская скарбовая палата
- Управа дзяржаўнай маёмасьці Менскай губэрні
- Менская паштова-тэлеграфная акруга
- Управа Лібава-Роменскай чыгункі
- Дырэкцыя народных вучэльняў Менскай губэрні
- Пракурор Менскага акруговага суду
Дом на Валадарскага
Памяшканьне ў Губэрнатарскім доме акупацыйныя ўлады забралі сабе, і беларуская ўлада мусіла шукаць сабе новы дом.
Разам з бальшавікамі зь Менску паўцякалі ўсе арганізацыі і ўстановы расейскай улады, вызваліўшы розныя рэпрэзэнтацыйныя прасторы. Народнаму Сакратарыяту спадабалася заля і прылеглыя да яе два пакоі, якія да ўцёкаў займаў гэтак званы «Стройзап» — будаўніча-тэхнічны аддзел Заходняга фронту — у доме на вуліцы Захараўскай, 43 (цяпер вуліца Валадарскага, 9).
Памяшканьні былі вольныя, але Народны Сакратарыят самаўпраўствам займацца ня стаў і з просьбай саступіць яму згаданыя памяшканьні зьвярнуўся 20 сакавіка да Менскай гарадзкой управы. Гарадзкая ўправа пайшла насустрач, і праз чатыры дні заля былога «Стройзапу» адыграла надзвычайную ролю ў найноўшай беларускай гісторыі.
25 сакавіка дзеляць тэатральныя касьцюмы
Дата 25 сакавіка 1918 году адзначылася і ў беларускім тэатральным календары. Кіраўнік Таварыства беларускай культуры Кастусь Мядзёлка запрасіў на гэты дзень намесьніка старшыні дырэкцыі Беларускага нацыянальнага тэатру Язэпа Варонку на паседжаньне трацейскага суду, дзе мелася разьбірацца спрэчка аб прыналежнасьці тэатральных касьцюмаў паміж дырэкцыяй названага тэатру і Першым таварыствам беларускай драмы і камэдыі.
Няясна, чаго ў гэтай справе было больш — драмы ці камэдыі, але сталася так, што Язэп Варонка (які быў яшчэ і пры пасадах старшыні Народнага Сакратарыяту ды народнага сакратара загранічных справаў) меў у гэты дзень пільнейшыя справы...