«Навіны даведваліся з крыжаванак». Былы спэцназавец з Мар’інай Горкі правёў 6,5 года ў палоне ў Лібіі

Вячаславу Качуру было 57 гадоў, калі ён чарговым разам прыехаў у Трыпалі працаваць аўтамэханікам у жніўні 2011-га. І ўжо празь месяц беларус трапіў у палон. У няволі ён правёў 6,5 года. Кажа, што вызвалілі яго толькі дзякуючы Лукашэнку і Кадыраву. Праз два тыдні, як Вячаслаў вярнуўся ў Мар’іну Горку, Свабода зь ім сустрэлася.

«Я яшчэ з усімі сябрамі не пасьпеў пабачыцца, вельмі шмат спраў».

Вячаслаў Качура пераносіў інтэрвію некалькі разоў. Трэба было аднавіць пашпарт, пэнсійнае пасьведчаньне. Толькі на другі тыдзень ён нарэшце знайшоў час пайсьці ў краму, каб набыць зімовыя боты.

«Я ж прыехаў як мужчына зь лета», — кажа ён пра сваё вяртаньне зь Лібіі.

Зімовую куртку, шапку і пальчаткі яму перадалі прадстаўнікі беларускай амбасады ў Маскве, куды ён прыляцеў 1 лютага.

Вячаслаў выглядае падцягнутым і загарэлым. Нібыта з курорту. Але смуглявасьць у яго натуральная. А падцягнуты ён, бо штодня займаўся фізкультурай. Каля гадзіны раніцай і столькі ж часу ўвечары.

«Калі ў памяшканьні цэлы дзень праводзіш, мала рухаесься. Таму трэба сябе самога прымушаць займацца».

«У Лібіі было больш бясьпечна, чым у Беларусі»

Вячаслаў Качура нарадзіўся ў сям’і савецкіх вайскоўцаў у Дрэздэне ў 1954 годзе. Скончыў вайсковую вучэльню. З 1986-га па 1988-ы служыў у Аўганістане, быў начальнікам штабу 334-га асобнага атраду спэцыяльнага прызначэньня. Пасьля вываду войскаў атрад разьмясьціўся ў Мар’інай Горцы пад Менскам. Ад таго часу Качура жыве ў Беларусі.

У 1993 годзе ён дэмабілізаваўся ў званьні маёра. Стаў працаваць «аўтамабілістам». Быў кіроўцам, потым рамантаваў машыны.

«Мне гэта падабалася. Я знайшоў сябе. Такое было ў мяне другое прызваньне».

У Сахары, падчас працы ў Лібіі ў 2006 годзе

У 2005 годзе ён паехаў працаваць у Лібію. Трапіў туды акурат у час, калі з краіны зьнялі эканамічнае эмбарга. Сюды паліліся інвэстыцыі, сталі адкрывацца замежныя кампаніі. Урад Муамара Кадафі праводзіў рэформы, банкі выдавалі беспрацэнтныя крэдыты на будаўніцтва жыльля ці куплю аўтамабіля.

«Я прыехаў за некалькі месяцаў да пачатку эканамічнага буму. Яшчэ засьпеў іх старыя машыны. Напэўна, гадоў 60-70-х. Потым рэзка новыя машыны сталі зьяўляцца. Пачаўся ўздым».

Тады ж сталі расьці і заробкі. Калі ў Беларусі сярэдні заробак у 2005–2010 гадах быў у раёне 200-400 даляраў, то ў Лібіі ён складаў каля 600. Замежныя кампаніі плацілі яшчэ больш. Вячаслаў Качура кажа, што, працуючы аўтамэханікам, у той час у Лібіі можна было зарабляць ад 1 да 2 тысяч даляраў за месяц.

У сувэнірнай лаўцы, Лібія, 2007 год

У Трыпалі Вячаслаў здымаў трэйлер недалёка ад мора. Гэта была абгароджаная стаянка на некалькі сотняў трэйлераў. У кожным — два пакоі, кухня, прыбіральня, душ, кандыцыянэр. На тэрыторыі лягеру — спартовая пляцоўка і тэнісны корт.

Да пачатку рэвалюцыі, паводле Вячаслава, Лібія была бясьпечнай краінай.

«Там было больш бясьпечна, чым у Беларусі. Так нават скажу. Зусім іншы сьвет быў».​

«Калі я ехаў у Лібію летам 2011-га, у Трыпалі не было баявых дзеяньняў»

Усё памянялася з пачаткам пратэстаў у Бэнгазі — буйным горадзе на ўсходзе Лібіі. У лютым 2011 году там пачаліся выступленьні, падчас якіх былі забітыя людзі. Урад страціў кантроль над горадам. Пачалася грамадзянская вайна. Хоць ад Трыпалі да Бэнгазі тысяча кілямэтраў, многія замежныя кампаніі пачалі эвакуацыю. У тым ліку і кампанія, на якую ў той час працаваў Вячаслаў. У сакавіку 2011-га ён вярнуўся ў Беларусь.

Уладу на ўсходзе ўтрымлівала Нацыянальная пераходная рада. Яе атрады паступова прасоўваліся у бок Трыпалі. У ліпені ішлі баі за горад Місрата ў 200 кілямэтрах ад сталіцы. У гэты час Вячаслаў якраз зьбіраўся ў Трыпалі. Яму прапанавалі працу аўтамэханіка ў расейскай нафтавай кампаніі «Татнефть». Вайна яго не палохала. Яго запэўнілі, што ў Трыпалі ўсё яшчэ бясьпечна.

«Калі я ехаў, у горадзе не было баявых дзеяньняў. Наогул, я людзям веру. Па тэлевізары адно паказваюць, а яны ж ведаюць рэальнае становішча».

У першыя тыдні сапраўды было бясьпечна. Пра вайну нагадвала толькі тое, што ў горадзе бракавала бэнзіну. На вуліцах было нязвыкла мала машын, на запраўках утварыліся доўгія чэргі.

Але ўжо з жніўня пачаліся бамбаваньні. Яны былі «кропкавыя», у асноўным па ваенных аб’ектах. Аднойчы раніцай Вячаслаў прыехаў на працу, а на месцы заводу па рамонце тэхнікі — адны варонкі. Пры гэтым кіраўніцтва запэўнівалі, што ўсё пад кантролем. Маўляў, ёсьць дамоўленасьць з амбасадай Расеі, што ў выпадку небясьпекі работнікаў эвакуююць. Таму Вячаслаў не панікаваў.

Разам з затрыманымі ўкраінцамі ў 2013 годзе

Сытуацыя пагаршалася, і Вячаслаў мяняў свае пляны на працу. Спачатку ён зьбіраўся заставацца ў Лібіі да канца году. Потым вырашыў, што адпрацуе да канца жніўня. Тым больш заробак за месяц ён атрымаў.

«Мы плянавалі адплысьці на караблі з усёй кампаніяй 30 жніўня. Але нас апярэдзілі лібійскія хлопцы».​

«Я ня быў у турме ці палоне»

21 ліпеня Вячаслава Качура абрабавалі ўзброеныя людзі, забралі торбу з дакумэнтамі. Тады ён вырашыў зьвярнуцца ў беларускую амбасаду. Па дарозе да дыпляматычнага прадстаўніцтва яго затрымалі на чарговым пасту. Прычына затрыманьня — адсутнасьць дакумэнтаў. Увесь час да вызваленьня яго ўтрымліваў рэвалюцыйны атрад, які быў на баку Нацыянальнай пераходнай рады — групоўка, якая абвясьціла сябе адзіным легітымным урадам Лібіі.

За 6,5 года яму не прад’явілі ніякіх абвінавачаньняў. У размовах толькі праскоквала, што ён быццам бы супрацоўнічаў з рэжымам Кадафі і «хацеў выступіць супраць рэвалюцыі». Але ніякіх афіцыйных допытаў і тым больш суду не было. Качура проста знаходзіўся пад вартай.

«Умовы былі розныя. То гэта была турма, то нейкае памяшканьне з закладзенымі цэглай вокнамі. Але я не магу сказаць, што сядзеў у турме, бо не было ні суду, ні выраку. Я проста быў у руках рэвалюцыйнай групоўкі, якая ўтрымлівала мяне».

Пасьля размовы зь Дзяньговым я зразумеў, што камусьці патрэбен

Чаму беларуса так доўга ўтрымлівалі? Ён тлумачыць гэта тым, што апынуўся па-за прававым полем. З аднаго боку, у яго не было ніякіх дакумэнтаў. З другога боку, урад, які зьмяніў Кадафі, ня быў прызнаны міжнароднай супольнасьцю. А ў 2014 годзе праз эскаляцыю ўнутранага ўзброенага канфлікту Трыпалі пакінулі шматлікія амбасады, у тым ліку і беларуская.

З 2014 да 2017 году Вячаслаў падтрымліваў сувязь са сьветам толькі праз украінскіх дыпляматаў — прадстаўнікоў амбасады ў Тунісе. Яны прыяжджалі наведваць чатырох грамадзян Украіны, якія былі пад вартай разам з Качурам.

Зрухі ў вызваленьні пачаліся толькі пасьля сустрэчы ў Менску Рамзана Кадырава і Аляксандра Лукашэнкі, 25 верасьня 2017 году. Справай беларуса занялася Расейская кантактная група па ўнутрылібійскім урэгуляваньні пры МЗС Расеі і Дзяржаўнай Думе. Леў Дзяньгоў, кіраўнік кантактнай групы, ужо раней прывозіў у Менск затрыманых у Лібіі беларускіх мэдыкаў.

«Дзяньгоў — ключавая фігура ў нашым вызваленьні. Безь яго было б ніяк. Пасьля размовы зь ім я зразумеў, што камусьці патрэбен», — кажа Вячаслаў.​

Я пытаюся: «А каго выбралі прэзыдэнтам у Беларусі?»

​Сродкаў сувязі ў Вячаслава Качуры не было. На першым часе ім перадавалі газэты і часопісы. Потым навіны пераказвалі прадстаўнікі беларускай ці ўкраінскай амбасады. Ад іх ён даведаўся, што яго дачка выйшла замуж. У 2015 годзе ўкраінскія дыпляматы паведамілі пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Ужо больш за год нас ніхто не наведваў. Я першым чынам пытаюся: «А каго выбралі прэзыдэнтам у Беларусі?» А яны кажуць: «Вядома, „бацьку“!»

Некаторыя навіны яны даведваліся з адказаў на крыжаванкі. Там Вячаслаў прачытаў, што міністрам абароны Расеі стаў Сяргей Шайгу. Як былы вайсковец, ён сочыць за такімі навінамі. На момант затрыманьня ў 2011 годзе міністрам быў Анатоль Сердзюкоў.

«А потым хоп — па літарах выходзіць, што Шайгу. Ё-маё! З крыжаванак даведваемся навіны».

За 6,5 года Качура крыху падцягнуў сваю ангельскую мову, бо чытаў замежныя часопісы. Арабскую ён ведаў на побытавым узроўні і раней.

На сваім страўніку мы адчувалі зьмены ўнутранай і вонкавай палітыкі дзяржавы

Таксама ён паправіў зрок дзякуючы кнізе Мірзакарыма Нарбекава «Досьвед дурня, або Ключ да прасьвятленьня». Такая кніга была ў яго і дома ў Мар’інай Горцы, але толькі ў Лібіі ён займеў час нарэшце прачытаць яе. Раней у яго былі лінзы на +3, а цяпер — на +1,5.

«Быў час, і я займаўся сабой. Галоўнае не раскісаць, шукаць нейкі занятак, каб пражываць гэты час не дарэмна. Жыць трэба ўсё роўна! І адчуваць сябе чалавекам».

«На сваім страўніку мы адчувалі зьмены ўнутранай і вонкавай палітыкі дзяржавы»

Самае дарагое, што мелі пяцёра затрыманых у Трыпалі, — гэта кнігі. Да вызваленьня яны сабралі бібліятэку з 200 асобнікаў. Вазілі яе увесь час з сабой, калі іх пераводзілі ў новае месца.

Кнігі ім прывозілі дыпляматы. Таксама яны перадавалі цыгарэты, туалетныя рэчы і лекі. Таксама ў перадачках была ежа. Вячаслаў расказвае, як гатаваўся сьвяточны абед:

«Спачатку часнык дробна накрышыць у шклянку. Туды расьцерці кубік булённы. Потым кіпеню ўліць. Трошкі кетчупу, маянэзіку. Памяшаць — і атрымліваеш боршч».

У штодзённым рацыёне чаргаваліся кус-кус, рыс, макарона і фасоля. Уся ежа вельмі вострая. У лепшыя часы была курыца. Якасьць абедаў залежала ад палітычнай сытуацыі ў краіне. Калі ўсясьветная супольнасьць прыпыніла стасункі зь Лібіяй, ежа адразу пагоршылася.

«На сваім страўніку мы адчувалі зьмены ўнутранай і вонкавай палітыкі дзяржавы», — кажа Вячаслаў.

Праз вострую ежу праблемаў са страўнікам ні ў кога не было. Лекары іх наведвалі толькі ў самым пачатку затрыманьня. На другі год усім зрабілі прышчэпкі ад інфэкцый. Аднойчы прыходзіў дантыст, сябра Вячаслава.

Качура часта нагадвае, што фізычнага гвалту ў дачыненьні яго не было.

«Людзі, што ўтрымлівалі нас, быццам не хацелі прычыніць зла, але і не адпускалі нас».

«Шэсьць гадоў у адным памяшканьні. Гэта як на касьмічным караблі. На Марс мы ляцім»

Па вяртаньні Вячаслаў Качура вывучае новыя тэхналёгіі. У 2011 годзе, калі яго затрымлівалі, толькі зьяўляліся першыя сэнсарныя тэлефоны.

Таксама прызвычайваецца да камунікацыі з рознымі людзьмі. Шэсьць з паловай гадоў ён правёў у адным памяшканьні, дзе штодня размаўляў з аднымі і тымі ж людзьмі. Усе дасканала вывучылі адзін аднаго, наперад было вядома, хто і што скажа.

«Шэсьць гадоў у адным памяшканьні — гэта як на касьмічным караблі. На Марс мы ляцім. І ў нас адзін адсек — у адным памяшканьні ўвесь час. Цяжка ў гэтым пляне».

Цяпер, пасьля «прызямленьня», Вячаслаў наноў адкрывае для сябе камунікацыю з рознымі людзьмі.

«Такое цікавае адчуваньне. Я па-новаму адкрываю людзей. Мяне зьдзіўляе, наколькі ўсе добра ставяцца да мяне».​

Your browser doesn’t support HTML5

Беларус правёў 6,5 года ў палоне ў Лібіі

Пакуль ідзеш зь Вячаславам па Мар’інай Горцы, зь ім увесь час вітаюцца то знаёмыя, то прадстаўнікі дзяржаўных службаў. Апошнія два тыдні ён шмат кантактуе зь імі, каб аднавіць дакумэнты. Таксама яму выплацілі частку пэнсіі. Жонка атрымлівала яго пэнсію толькі першыя два з паловай гады, пакуль дзейнічала даверанасьць.

«У МЗС мяне, як брата, сустрэлі. Так прыемна. У міліцыі, ваенкамаце, паўсюль, куды зьвяртаюся, да мяне вельмі добра ставяцца».

Новы пашпарт ён ужо мае. Пасьля мэдычнай камісіі будзе аднаўляць правы кіроўцы.

«А ўжо потым — ня ведаю. Будзем думаць у залежнасьці ад здароўя. Ідэі, чым займацца, ёсьць. Іх шмат. Але гайкі ўжо круціць ня буду».