Кампанія SpaceX 22 лютага запусьціла ракету-носьбіт Falcon 9 зь першымі спадарожнікамі для раздачы інтэрнэту па ўсім сьвеце. Пра гэта паведаміў у Твітэры кіраўнік SpaceX Ілан Маск.
Ракета вывела на арбіту два спадарожнікі Microsat 2a і 2b. Яны сталі першымі з дванаццаці тысяч спадарожнікаў, якія плянуецца запусьціць у будучыні ў рамках праграмы Starlink. Зь іх дапамогай на ўсёй тэрыторыі Зямлі будзе даступны хуткасны інтэрнэт.
У пачатку лютага SpaceX наладзілі дэманстрацыйны запуск цяжкай ракеты-носьбіта Falcon Heavy. Яна вывела ў міжплянэтную прастору асабісты аўтамабіль Ілона Маска «Тэсла». У далейшым ракеты такога тыпу плянуецца выкарыстоўваць для палёту чалавека на Марс.