Палітык Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што ў мясцовыя саветы выбралі 18 тысяч адценьняў шэрага. А я думаю, хіба гэтыя людзі, як дэпутаты, чым-небудзь адрозьніваюцца, адценьваюцца адно ад аднаго?
Гэта ж якая была б раскоша, разнастайнасьць чалавечых асобаў, міжлюдзкіх адносінаў і ўсяго жыцьця, калі б аж столькі адценьняў выбралі няважна якога колеру, хоць шэрага, хоць зялёнага. (Дызайнэры ацэняць.)
Але выбралі якраз безадценнасьць. Як 18 тысяч энкавэдыстаў, у форме якіх ня можа быць ніякіх адценьняў. (Шуневіч ацэніць.) Інакш масавыя рэпрэсіі немагчымыя. А бязь іх як? Ніяк.
А што такое фальсыфікацыя выбараў як ня масавыя рэпрэсіі, выцясьненьне з поля дзяржаўнай улады ўсіх, хто адстойвае вяршэнства закону і эўрапейскі выбар краіны. Пакуль выцясьненьне, пасьля — ліквідацыя. Рысачка паміж гэтымі словамі тонкая. І каб яе перайсьці, трэба вось гэта — каб зьніклі адценьні.
Андрэй Дзьмітрыеў сказаў прыгожа, але недакладна. Сам жа, палітык парлямэнцкага кшталту, мог пераканацца, калі ў дзень выбараў кандыдата ў прэзыдэнты — тварам вобзем. Як такое магчыма? А так, як магчымыя былі сталінскія рэпрэсіі. Ніхто ж і тады ня думаў, што яго будуць катаваць і расстрэльваць, а выйшла па-іншаму.
У новай кнізе падарожжаў Зьмітра Бартосіка ёсьць сюжэт пра даваенны Дом творчасьці пісьменьнікаў у Падблоні (цяпер Мар’іна Горка). Там нашы літаратурныя знакамітасьці бавілі час: танчылі, сьпявалі, вялі гутаркі каля вогнішча, гулялі ў валейбол, дзеткі складалі спартовыя «піраміды». Любата. І туды ж прыяжджала машына НКВД і проста з гэтае любаты забірала. «Прайдзёмце». То аднаго, то другога. То Цішку Гартнага, то Андрэя Александровіча, то Алеся Дудара… Многіх. Ніхто ня ведаў, каго наступнага. Жонкі, дзеці і калегі глядзелі на іх апошні раз у жыцьці. То бок сёньня ты кандыдат у прэзыдэнты з усімі пашанотамі, а заўтра — тварам вобзем. І без тлумачэньняў.
А ўразіў мяне ў Бартосікавым сюжэце іншы эпізод, які якраз і тлумачыць, як такое магчыма. Павінны раптам зьнікнуць адценьні, тонкасьці, дэталі. Павінен запанаваць проста жывёльны прымітывізм у дачыненьнях не з НКВД, а паміж самімі гэтымі людзьмі, патэнцыйнымі ахвярамі — калі менавіта мы самі страчваем адценьні.
Гаральд Вольскі, сын пісьменьніка Віталя Вольскага, быў у Падблоні дзіцём і прыгадаў Бартосіку такое:
— Быў эпiзод, зьвязаны з Барысёнкам (будучы акадэмік Васіль Барысенка, пасьля яго рэцэнзіяў у 1930-я многія пісьменьнікі былі асуджаныя на расстрэл ці ГУЛАГ). У яго сын быў — Гарык. Мы з Iгарам Крапiвой яго пабiлi добра (Ігар — сын Кандрата Крапівы). Ён нам нашкодзiў, цi што? А потым прывязалi яго да дрэва й падпалiлi касьцёр. Каб папужаць. У гэты час міма ішлі Броўка з Кучарам. Убачылi ўсё й пачалi нас лупасiць. А Крапiва толькi лаўрэата палучыў Сталiнскай прэмii. Дык Броўка Iгару пад зад нагой улупiў i кажа: «У-ух ты, няшчасны лаўрэат-т-т». Так яму зайздросна было. Ну мы адступiлi, наламалi пруцьеў там у бярэзьнiку, падышлi ззаду й добра адлупцавалi пруцьямi iх. I за забор удралi. Вось такая была гiсторыя перад самай вайной.
Жалезныя норавы — страшная рэч. Яшчэ пры канцы 1970-х з гэтага ўсяго толькі б тупа парагаталі. Бо жылі, думалі і паводзілі сябе гэтак сама. А ўжо пры канцы 1980-х усё пачало зьмяняцца. Загаварылі пра рэпрэсіі, пра «любі сваё», краіна стала незалежнай — разнастайнай, шматколернай, прыгожай. І вось крок за крокам яна вяртаецца кудысьці туды, у 1970-я, у 1930-я.
Ня ведаю, як вам, а мне расповед Гаральда Вольскага ўзнавіў саму тагачасную атмасфэру — адназначную ва ўсім і для ўсіх. Усе людзі (а тут і пісьменьнікі, віртуозы пяра, гуманісты) ахопленыя агрэсіўным прымітывізмам. Ні каліва якой-небудзь салідарнасьці, спачуваньня, папераджальнасьці. Вось што прыйшло ва ўладу 18 лютага. Ніякіх адценьняў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.