22 лютага беларуская каманда біятляністак змагалася за алімпійскія мэдалі ў эстафэце 4 на 6 кілямэтраў. Вынікам адладжанай працы стала золата Гульняў-2018.
Да пачатку гонкі фаварытамі называліся Нямеччына, Францыя і Італія. Беларусь разам зь вялікай групай камандаў прэтэндавала на трэцюю пазыцыю. Галоўнымі канкурэнткамі ў барацьбе за п’едэстал былі нарвэжкі, швэдкі, украінкі.
Беларуская чацьвёрка стартавала ў наступным парадку: Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар’я Домрачава, якая ў Пхёнчхане ўжо стала срэбнай прызэркай у мас-старце. Пры дакладнай стральбе іх мэдалёвыя шанцы расцэньваліся як высокія.
Пасьля першага этапу настрой беларускіх заўзятараў быў ня самы лепшы — Надзея Скардзіна перадала эстафэту Ірыне Крыўко толькі дзясятай. Тая адчувальна палепшыла справы — была пятая на сваім рубяжы.
І ўжо сапраўдную сэнсацыю ўчыніла Дзінара Алімбекава, якая пры дакладнай стральбе забясьпечыла Дар’і Домрачавай трэцюю пазыцыю. Найлепшая беларуская біятляністка чыста прайшла першую палову і тройчы прамахнулася на другім этапе, скарыстаўшы запасныя патроны. Але гэтага хапіла для агульнай перамогі, Дар'я ўпэўнена абышла прадстаўніц Швэцыі і Францыі, якія падзялілі другое і трэцяе месцы.
За тры дні да заканчэньня Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане зборная Беларусі з двума золатамі і срэбрам займае 13-е месца ў агульнакамандным мэдалёвым заліку — пасярэдзіне сьпісу з трох дзясяткаў краін, чые прадстаўнікі станавіліся чэмпіёнамі і прызэрамі зімовых Гульняў-2018.
Сёньня з Паўднёвай Карэі ў Беларусь вярнуліся фрыстайлісты, у іх ліку і чэмпіёнка Пхёнчхану Ганна Гуськова. Пачынаючы ад 1998 году выхаванцы галоўнага трэнэра Мікалая Казекі стабільна здабываюць узнагароды, прычым тры апошнія Алімпіяды гэта мэдалі найвышэйшай вартасьці.