Дырэктар цырульні «Чэкіст»: Дашкевіч сапсаваў нам імідж, нам пісалі: «Колькі каштуе стрэл у галаву?»

Алег Кот (зьлева) і Ільля Мятліцкі, архіўнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Менску завочна аштрафаваў на 30 базавых велічынь сустаршыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча.

Судзьдя Вікторыя Шабуня прызнала Дашкевіча вінаватым у дробным хуліганстве падчас наведваньня барбэршопу «Чэкіст» у студзені гэтага году. Што ўчыніў вядомы апазыцыянэр у цырульні з гэтай назвай?

Пратэст каля барбэршопа «Чэкіст» у Менску. ФОТА, ВІДЭА

Паводле міліцэйскага пратаколу, 9 студзеня 2018 году ў барбэршопе «Чэкіст» Зьміцер Дашкевіч «назойліва навязваў сваю прысутнасьць наведнікам, наклеіў плякаты, патрабаваў зьмяніць назву і мэблю. На заўвагі не рэагаваў». Дашкевіч быў прызанны вінаватым паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Ільля Мятліцкі

Сьведка Ільля Мятліцкі, сузаснавальнік барбэршопу «Чэкіст» і ягоны дырэктар, сказаў пра Зьмітра Дашкевіча, што «раней зь ім ня быў знаёмы, але чуў пра яго».

Пра падзеі 9 студзеня сьведка згадаў:

«Прыйшла да нас група асобаў, пачалі клеіць плякаты, казаць, чаму вы так назвалі, вось вам сьпіс тых, каго расстралялі».

Паводле Мятліцкага, адзін кліент быў пастрыжаны, але праз гэта мусіў пайсьці, не памыўшы галаву.

Яшчэ, паводле сьведкі, Дашкевіч з Пальчысам прапанавалі ім зьмяніць мэблю ў цырульні. «Чым ім не падабалася наша мэбля, не зразумеў».

«Пакінулі нам плякат, мы прасілі больш ня вешаць, яны працягвалі».

Судзьдзя запытала, ці зьмянілі яны ў выніку назву цырульні. «Не, тая ж назва». Сьведка сказаў, што ім «папсавалі моцна імідж. Шмат было нэгатыўных водгукаў, нам пісалі ў інтэрнэце: „Колькі каштуе стрэл у галаву? Фарбуеце зялёнкай месца стрэлу ці не?“ Быццам мы расстрэльваем людзей — а мы толькі наводзім прыгажосьць».

Алег Кот

Сьведка Алег Кот, цырульнік: «У нас звычайны працоўны дзень. У сябра кліент у крэсьле. Тут заходзяць Дашкевіч з Пальчысам, разам зь імі карэспандэнты. Пачалі перашкаджаць, расклейваць плякаты. Кліент адразу сышоў. На плякаце былі імёны людзей, якіх у 1937-м расстралялі. А ў нас назва „Чэкіст“. Нас, відаць, за гэта хацелі на месца паставіць».

Паводле Алега Ката, назва «Чэкіст» — проста гучная слова, якое падыходзіць стылю, які яны выбралі для цырульні. «Мы гэта тлумачылі тым людзям».

Яшчэ казалі, каб мы зьмянілі прадметы інтэр’еру, бо на іх зоркі. Казалі, што з гэтымі зоркамі ў Эўропу не пусьцілі б. Таксама, паводле сьведкі, ім прапаноўвалі рэкляму, калі зьменяць назву. «„Будзе да вас не прабіцца“. На нашу просьбу не рэагавалі, сышлі самі».

Назву мяняць ня будуць

​У размове з карэспандэнтам Свабоды, якая адбылася ў перапынку паміж паседжаньнямі, Ільля Мятліцкі папрасіў перадаць ягоныя прабачэньні тым, каго пакрыўдзіла назва «Чэкіст», але пры гэтым папярэдзіў, што назву яны мяняць ня будуць.

«Гэта толькі бізнэс, ужо ХХІ стагодзьдзе. Прычым тут нейкая афарбоўка гэтага слова? Мы сумняваліся, калі шукалі назву. Згодны, што ёсьць у ёй нэгатыў, але гэта бізнэс».

Ільля Мятліцкі сказаў, што ня ведае, ці ёсьць сярод ягоных сваякоў ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Паабяцаў гэта высьветліць. Сказаў, што цікавіўся ў бабулі, ці можна так назваць цырульню, спачатку яна зьдзівілася, але потым пагадзілася. «Калі ёсьць пад Менскам „Лінія Сталіна“, калі стаяць помнікі Дзяржынскаму — дык чаму нельга называць цырульную „Чэкіст“?»

Цяпер у судзе праходзіць працэс над Эдуардам Пальчысам, які ў суд таксама не зьявіўся. Пальчыса судзіць Іван Касьцян, супраць яго сьведчаць тыя ж асобы — Алег Кот і Ільля Мятліцкі. Алег Кот, які напісаў заяву ў міліцыю на Дашкевіча і Пальчыса, ад размовы з карэспандэнтам Свабоды адмовіўся. У судзе цырульнік Кот казаў, што праз інцыдэнт у яго «быў павышаны ціск».

У працэсе над Эдуардам Пальчысам сьведка Ільля Мятліцкі закончыў выступ такімі словамі: «Хацелася б, каб нас абаранілі ад такіх людзей».