Швэцыя ў 2018 годзе накіруе на рэалізацыю ў Беларусі экалягічных праектаў 11 млн эўраў. Пра гэта паведаміла журналістам, адказваючы на пытаньне БЕЛТА, амбасадар Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан. Дыпляматка наведвае з трохдзённым візытам Магілёўскую вобласьць.
«Большасць праектаў, якія будуць рэалізаваныя ў бягучым годзе ў розных рэгіёнах Беларусі, датычацца водаадвядзеньня і ачысткі вады», — удакладніла дыпляматка.
Таксама актыўна абмяркоўваюцца пытаньні працягу супрацоўніцтва па перапрацоўцы бытавых адкідаў.
«Мы цяпер разглядаем магчымасьці працягу супрацоўніцтва ў гэтай сфэры, і я ўпэўненая, што ў найбліжэйшай пэрспэктыве канкрэтныя праекты зьявяцца ў Магілёўскай вобласьці і яны будуць падтрыманыя швэдзкім бокам», — сказала Крыстына Юганэсан.