Роўна 100 гадоў таму, у ноч на 19 лютага 1918 году бальшавіцкае кіраўніцтва ў паніцы бяз бою пакінула Менск перад наступам нямецкага войска. На нейкі момант горад застаўся без улады. Гэтым скарыстаўся беларускі палітычны актыў, які прыняў рашэньне ўзяць кантроль над горадам і перадаць уладу Радзе Ўсебеларускага Зьезду.
Беларускім камэндантам гораду быў прызначаны кіраўнік Цэнтральнай беларускай вайсковай рады Кастусь Езавітаў. На кантроль над Менскам прэтэндавалі і польскія вайскоўцы зь мясцовых ваенізаваных арганізацыяў.
Урэшце да вечара 19 лютага беларусы і палякі прыйшлі да пагадненьня, падзялілі Менск на сфэры кантролю і пачалі рэквізыцыі ў складах зброі і дзяржаўных установах. Здабывалася зброя і праз раззбраеньне прысутных у горадзе бальшавіцкіх салдатаў, тыя былі настолькі дэмаралізаваныя, што не чынілі ніякага супраціву, хоць колькасьцю значна перавышалі палякаў і беларусаў разам узятых.
Каля 22.00 Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду, які ўжо зьбіраўся ператварыцца ва Ўрад, заняў пад сваю сядзібу Губэрнатарскі дом на Пляцы Волі і вывесіў на яго бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. Праз дзень — 21 лютага — Выканаўчы Камітэт выступіць зь першым дзяржаўніцкім актам — «Устаўной Граматай да Народаў Беларусі».
Так сто гадоў таму пачалася Беларуская Нацыянальная Рэвалюцыя.