Сярод новаабраных дэпутатаў абласных і менскага гарадзкога саветаў — 35 чальцоў розных палітычных партыяў. Гэта найвышэйшы ўзровень на мясцовых выбарах.
Канкрэтнае іх прадстаўніцтва выглядае так:
- Камуністычная партыя Беларусі — 16.
- Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 11.
- Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 3.
- Лібэральна-дэмакратычная партыя — 2.
- Сацыял-дэмакратычная партыя («Народная згода») — 1.
- Беларуская аграрная партыя — 1.
- Беларуская патрыятычная партыя — 1.
У рэгіёнах партыйнае прадстаўніцтва выглядае так:
- Менск — 19.
- Гомельская вобласьць — 6.
- Берасьцейская — 4.
- Віцебская — 2.
- Менская — 2.
- Горадзенская — 1.
- Менская — 1.
Палітоляг Чавусаў: «Гэта доказ прызначальнага фармату так званых выбараў»
Палітоляг Юрась Чавусаў у камэнтары Свабодзе найперш зьвяртае ўвагу на тое, што такое партыйнае прадстаўніцтва ў мясцовых саветах супадае з прапорцыяй сяброў партый у Палаце прадстаўнікоў:
«Дзіўным чынам, нягледзячы на мажарытарную сыстэму галасаваньня, прапорцыя паміж гэтымі прадстаўнікамі ў мясцовых саветах адпавядае прапорцыі партыйных кандыдатаў у парлямэнце. У агульных рысах, зразумела. То бок лідэры і аўтсайдэры тыя ж самыя.
Гэта, безумоўна, дзіўны парадокс. Але калі мы прыгадаем, як менавіта вызначаюцца пераможцы на беларускіх выбарах, то гэта лёгка тлумачыцца. Бо гэта яшчэ адзін доказ прызначальнага фармату правядзеньня так званых беларускіх мясцовых выбараў».