У магілёўскай сярэдняй школе № 17 участковыя камісіі № 153 і 154 па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы прынялі рашэньне выдаліць назіральнікаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, інкрымінаваўшы ім парушэньне Выбарчага кодэксу.
«Выдалілі Ўладзімера Грышанава і Аляксандра Царука. Гэта помста за тое, што яны дапамагалі выкрываць факты выбарчых «карусэляў», — падзяліўся з агенцтвам БелаПАН старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў.
Паводле яго, камісія № 154 абвінаваціла Царука ў размовах з выбаршчыкамі. У сваю чаргу ў камісіі № 153 палічылі, што Грышанаў вёў відэаздымку. «Гэта суцэльная хлусьня. Ніякай відэаздымкі ён ня вёў. У яго старамодны мабільнік бяз гэтых функцый. Для яго, пажылога чалавека, гэта было як гром сярод яснага неба», - адзначыў Шанцаў.
Ва ўчастковых камісіях пацьвердзілі, што выдалілі дваіх назіральнікаў. Так, Грышанаў быў выдалены 16 лютага, а Царук — 17 лютага. «Весьці апытаньні выбаршчыкаў, якія прагаласавалі або якія ідуць галасаваць, назіральнік ня мае права. Яму рабілі заўвагу неаднаразова іншыя назіральнікі. Ён перашкаджаў нармальнай працы камісіі, падыходзіў да стала, цікавіўся бюлетэнямі», — сказала БелаПАН старшыня ўчастковай камісіі № 154 Алена Посахава.
Тое, што Грышанаў пасьпеў прыбраць прыстасаваньне для відэаздымкі, ня значыць, што ён яе ня вёў, і за відэаздымку ён неаднаразова атрымліваў заўвагі, заявіла БелаПАН сакратар участковай камісіі № 153 Жана Клінцова.