Днямі турыст зь Беларусі, які спэцыяльна прыехаў з экскурсіяй у Прагу, калі яму паказалі акно ў адным з будынкаў у Старым горадзе і сказалі, што там, паводле адной з вэрсій, была друкарня Скарыны, зьдзіўлена спытаўся: «А што, Скарына быў у Празе?»
Такі адказ адразу пасьля «агульнанацыянальнага» сьвяткаваньня 500-годзьдзя Сакарынавай Бібліі ад чалавека, які прыехаў у Прагу не на шопінг, але на культурную экскурсію, гучыць дзіўна.
І, адначасова, ня дзіўна, калі ўлічыць працэсы, якія адбываюцца зь беларускім грамадзтвам, культурнай супольнасьцю і самой культурай.
Атамізацыя
Культурная супольнасьць Беларусі няўхільна атамізуецца. Гэты працэс азначае далейшую маргіналізацыю культуры і, у канечным выніку, дэкультурызацыю грамадзтва.
Кожнае выданьне, кожны сайт, кожная група ў сацыяльных сетках, ды нават кожны аўтар ці мастак маюць вялікія або малыя колы сваіх чытачоў і прыхільнікаў, якія часта ня ведаюць, што адбываецца зусім побач зь імі.
Здараецца, што два папулярныя блогеры ў Фэйсбуку, якія дасягнулі 5-тысячнага ліміту чытачоў, ня ведаць імёны адзін аднаго
Аўдыторыя беларускага сыгмэнту Фэйсбуку наўрад ці неяк перасякаецца зь беларускімі карыстальнікамі сеткі Аднаклясьнікі. Асобную катэгорыю складаюць людзі з Вкатакце ды Інстаграму.
Здараецца, што два папулярныя блогеры ў Фэйсбуку, якія дасягнулі 5-тысячнага ліміту чытачоў, ня ведаць імёны адзін аднаго.
Іншы прыклад — імёны пісьменьнікаў, якія маюць посьпех у чытачоў, але зусім невядомыя іншаму колу пісьменьнікаў, якія групуюцца вакол іншай структуры або пішуць на іншай мове.
Той, хто чытае дзяржаўныя газэты і глядзіць дзяржаўную тэлевізію, ведае адны імёны, той, хто чытае недзяржаўныя газэты і сайты, ведае іншыя імёны, той, хто чытае па-расейску, ведае расейскамоўных аўтараў і т. д.
Адсутнасьць агульнанацыянальнай мэдыяльнай плятформы
Сказане, у прынцыпе, датычыць усёй культурнай прасторы — усяго комплексу ведаў па гісторыі і культуры Беларусі. Няма агульнанацыянальнай мэдыяльнай плятформы.
Ня маюць такой плятформы і беларускія навукоўцы. Нехта працуе ў Польшчы, нехта падаўся ў незалежныя выданьні, нехта застаецца ў Акадэміі навук і дзяржаўных ВНУ.
Атамізацыя культуры і атамізацыя ведаў пра яе, як бы мы іх ні тлумачылі, наўрад ці зьяўляюцца пазытыўнымі зьявамі. І наўрад ці яны зьвязаныя ў беларускім выпадку толькі з разьвіцьцём інтэрнэту, сацыяльных сетак і дыгітальных мэдыяў.
У Беларусі мова ідзе і пра вынік незвычайнай палітычнай сытуацыі ў краіне, калі дзяржаўныя мэдыі не надаюць дастаткова ўвагі культуры як такой і замоўчваюць або дыскрэдытуюць дасягненьні незалежных творцаў і навукоўцаў.
Але, парадаксальным чынам, якраз таму сытуацыя і не выглядае безнадзейнай.
Калі гэта можа быць пераадолена
Агульнанацыянальныя мэдыі існуюць у любой краіне незалежна ад рэжыму. Раней ці пазьней палітычныя зьмены ў краіне адбудуцца. Магчыма, тады і зможа адбыцца аб’яднаньне або ўзаемапранікненьне пакуль разрозьненых інфармацыйных, культурных і навуковых прастораў.
свабода не абавязкова вядзе да аб’яднаньня. Наадварот — яна можа прывесьці да сэгмэнтацыі грамадзтва і яго культурнай эліты
Прынамсі, тады могуць узьнікнуць умовы для такога ўзаемапранікненьня.
Сама па сабе свабода не абавязкова вядзе да аб’яднаньня. Наадварот — яна можа прывесьці да сэгмэнтацыі грамадзтва і яго культурнай эліты.
Але ёсьць адна рэч, якую свабода стварае дакладна. Гэта магчымасьць для свабоднага абмену ідэямі і дасягненьнямі паміж рознымі грамадзкімі і культурнымі групамі.
І ва ўмовах будучай свабоды элітам трэба пастарацца
Маргіналізацыя ведаў пра культуру — зусім не ўнікальна беларуская зьява. Тое самае адбываецца паўсюдна. Бо сам па сабе дэмакратычны характар дзяржавы нічога не гарантуе. Вось прыклад (хоць ён можа быць і не тыповы).
Днямі я выпадкова пазнаёміўся ў басэйне з турыстам з Чылі, спартовым хлопцам гадоў трыццаці. Пасьля кароткай размовы я спытаўся, ці ведае ён нешта пра Ігната Дамейку, якога чылійскі народ узнагародзіў тытулам Гран Эдукадор — вялікі асьветнік? Хлопец адказаў, што ніколі ня чуў пра такога. Калі ж я патлумачыў яму, хто гэта такі, ён сказаў: «Ну так, у ХІХ стагодзьдзі з Эўропы да нас прыяжджала шмат людзей».
Беларусы, прынамсі актыўная іх частка, усё яшчэ застаюцца культурацэнтрычным народам. Мы ўсё яшчэ ведаем ня толькі пра сваіх «Дамейкаў» ў сьвеце, але, у адрозьненьне ад чылійскага турыста, і пра сваіх «Андрыёлі» ў Беларусі.
Мне асабіста гэта дае надзею на добры плён ад будучай свабоды.