«Яны запомняць гэты дзень надоўга» — амэрыканскі генэрал пра баі ў Сырыі

Генэрал-лейтэнант Джэфры Харыгіан — кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ВПС ЗША (гэта камандаваньне са штаб-кватэрай у Катары адказвае, у прыватнасьці, за апэрацыі ў Сырыі, Іраку і Аўганістане). Ён стаў першым высокапастаўленым амэрыканскім вайскоўцам, які афіцыйна пракамэнтаваў бой пад Дэйр-эз-Зорам, у выніку якога вечарам 7 лютага загінулі — як з агаворкамі прызнаў у чацьвер і МЗС РФ — расейскія грамадзяне.

Поўная расшыфроўка брыфінгу генэрала, які адбыўся 13 лютага, апублікаваная на сайце Мінабароны ЗША. Пераклад на расейскую мову яго найбольш цікавай часткі, прысьвечанай Сырыі, падрыхтаваны дасьледчай групай Conflict Intelligence Team.

Прапануем фрагмэнты дакладу. Арыгінал публікацыі — на рускай службе Свабоды.

Камэнтары генэрала, у цэлым, не супярэчылі апублікаваным раней амэрыканскімі СМІ (спачатку тэлеканалам CBS, а затым агенцтвам Bloomberg і многімі іншымі) паведамленьням са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы ў Пэнтагоне: бой быў, «праўрадавыя сырыйскія сілы» пачалі яго першымі, амэрыканцы нанесьлі ўдар па праціўніку, папярэдне патэлефанаваўшы расейскім ваенным, праціўнік адступіў, страціўшы каля 100 чалавек, зьвестак аб грамадзянстве тых, хто наступаў на іх курдзкіх саюзьнікаў, у амэрыканцаў няма. Адказы Харыгіана, аднак, утрымліваюць значную колькасьць дэталяў, цікавых для аналізу.

Генэрал даволі падрабязна — наколькі гэта было магчыма — апісаў дэталі бою, у тым ліку тыя сілы і сродкі, якімі «прыхільнікі рэжыму» атакавалі пазыцыі Сырыйскіх дэмакратычных сіл...

Асаблівую ўвагу варта зьвярнуць на ўдзел у адказе на атаку бамбавікоў Б-52, што ў лякальных сутыкненьнях наагул рэдкасьць. На жорсткасьць бою паказвае той факт, што ён працягваўся больш за тры гадзіны. Пасьля таго як праціўнік адступіў у заходнім напрамку, агонь, па словах генэрала, быў спынены.

Наступ на пазыцыі саюзных курдзкіх сіл рыхтаваўся на працягу некалькіх дзён.

Хоць гэтая атака была не справакаванай, яна ня стала для нас поўнай нечаканасьцю. Кааліцыя назірала паступовае засяроджваньне жывой сілы і тэхнікі на працягу папярэдняга тыдня. Мы нагадвалі расейскім прадстаўнікам аб прысутнасьці ў гэтым раёне СДС і кааліцыі па лініі прадухіленьня інцыдэнтаў. Нашы папярэджаньні былі накіраваны задоўга да нападу варожых сіл.

Пра страты амэрыканскіх сіл і іх саюзьнікаў генэрал не згадаў. Гаворачы пра страты саперніка, ён ня стаў браць пад сумнеў лічбу ў прыкладна 100 забітых. Генэрал таксама падкрэсьліў, што ў амэрыканскага камандаваньня сапраўды не было — і да гэтага часу няма інфармацыі — хто ж усё-такі наступаў, за выключэньнем самай агульнай ацэнкі, што гэта былі «праўрадавыя» сілы, гэта значыць прыхільнікі Башара Асада, але пры гэтым не ўласна рэгулярная сырыйская армія. Адпаведна, Харыгіан не валодае інфармацыяй і пра тое, ці былі сярод іх грамадзяне Расеі. Пры гэтым, паводле яго слоў, амэрыканцы цяпер спрабуюць зьбіраць дадатковую інфармацыю пра інцыдэнт. Генэрал некалькі разоў, адказваючы на розныя пытаньні, паўтарыў выказаныя вышэй меркаваньні:

Я ведаю, што вы задасьце мне гэтае пытаньне, таму хацелася б ясна заявіць, што я не зьбіраюся рабіць здагадак аб складзе гэтых сілаў ці пра тое, каму яны падпарадкоўваліся. Як я неаднаразова заяўляў на працягу амаль двух гадоў на пасадзе камандуючага ВПС кааліцыі, нашы намаганьні сканцэнтраваны на адзіным ворагу: ІГІЛ. Мы не імкнёмся разьвязаць баявыя дзеяньні зь кімсьці яшчэ, аднак, як на мінулым тыдні заявіў міністар [абароны ЗША Джэймс] Мэціс, «калі вы будзеце нам пагражаць, вы надоўга запомніце гэты дзень».

<...>

Нэнсі Юсэф, Wall Street Journal: Хацела растлумачыць адно пытаньне, узьнятае раней. Вас пыталіся, колькі чалавек забіта, і апошняя лічба, якую мы чулі — сто. Дапамажыце, калі ласка, зразумець — ці зьмянілася гэтая лічба? Ці ёсьць у вас прычыны меркаваць, што яна зьменіцца? Ці ж вы працягваеце быць упэўнены, што загінула 100 чалавек?

Ген. Харыгіан: Наколькі мне вядома, гэтая лічба не зьмянілася. Мы працягваем разьбірацца, што адбылося, і ацэньваць гэтае сутыкненьне, і гэта... з майго пункту гледжаньня, гэтая лічба, якая паведамлялася, аналізуецца і пераацэньваецца, і я ўпэўнены, што гэтая ацэнка будзе працягвацца.

Пытаньне: Што тычыцца колькасьці байцоў, якія наблізіліся да сілаў ЗША — па-ранейшаму лічыцца, што іх было ад 300 да 500?

Ген. Харыгіан: Так, мэм. Мы гаворым пра пешы атрад колькасьцю да батальёну. Іншымі словамі, для тых, хто працягваў атаку, гэтыя лічбы — найлепшая ацэнка.

І ўсё ж — хто наступаў на пазыцыі амэрыканскіх саюзьнікаў? Формула генэрала Харыгіана — «прыхільнікі рэжыму» (Башара Асада):

Пытаньне: Я папрашу яшчэ ўдакладніць, паколькі я не зусім пачула адказ. Калі вы кажаце «прыхільнікі рэжыму», выключае гэта сілы, якімі камандуе ўрад Асада?

Ген. Харыгіан: Гэта ўсё... гэта ўсё частка сіл рэжыму і прыхільнікаў рэжыму. Такім чынам, мне здаецца, канкрэтны адказ на ваша пытаньне: «прыхільнікі рэжыму» — гэта ўсё, хто выступае на баку рэжыму.

На наўпроставае пытаньне карэспандэнта CNN, ці не хавае генэрал вядомую яму інфармацыю, што ў сутыкненьні ўдзельнічалі расейцы, каб не ўскладніць адносіны з Масквой, Харыгіан зноў паўтарыў, што гэта яшчэ трэба будзе высьветліць, і запэўніў, што не атрымліваў загадаў хаваць інфармацыю.

Я магу толькі сказаць, што мы працягваем старанна вывучаць склад гэтых сілаў. Цяпер мне ня варта рабіць здагадак, паколькі нам спатрэбіцца час, каб... каб цалкам зразумець, хто там быў. І, я думаю, вы добра ведаеце, што ў гэтым удзельнічаюць розныя групы, і што заўсёды складана дакладна аддзяліць іх адну ад адной, так што нам даводзіцца падыходзіць з належнай дбайнасьцю.

Напэўна, самая цікавая частка адказаў тычылася ўзаемадзеяньня амэрыканскіх і расейскіх вайскоўцаў. Генэрал сышоў ад прамога адказу на пытаньне, што казалі расейскія вайскоўцы ў адказ на званкі. Ён толькі пацьвердзіў, што камунікацыя ажыцьцяўлялася «прафэсійным парадкам» і — гэта важна — ажыцьцяўлялася як да паветранай атакі амэрыканскіх сіл, так і падчас бою і пасьля яго, а значыць каналы сувязі для расейскага боку ўвесь час адкрываліся адкрытымі.

Мы неадкладна зьвязаліся з прадстаўнікамі Расеі па тэлефоннай лініі прадухіленьня інцыдэнтаў, каб апавясьціць іх пра не справакаваную атаку на вядомую [ім] пазыцыю СДС і кааліцыі. Пасьля гэтых перамоваў прадстаўнікі кааліцыі ўхвалілі ўдары з мэтай зьнішчэньня варожых сіл.

France Presse: Калі адбываліся перамовы паміж кааліцыяй і Расеяй да ўдару, ня падалося вам, што хто-небудзь з тых, хто там быў, падпарадкоўваўся Расеі ці што гэта на самай справе былі расейскія найміты? І як бы вы ахарактарызавалі мінулыя перамовы? Ці вы адчулі супрацьдзеяньне з боку Расеі? Ці сказалі яны: «Калі ласка, бамбіце»? Можаце хоць трохі растлумачыць гэтае пытаньне?

Ген. Харыгіан: Скажу вам, што, як я паказваў, лінія прадухіленьня інцыдэнтаў працягвала працу і працавала бесьперабойна на працягу тыдня да ўдару. Перамовы па гэтай лініі заставаліся прафэсійнымі, мы працягваем весьці такія перамовы штодня. Як я ўжо казаў, я не хачу, не хачу рабіць здагадак аб тым, хто там быў. Мы будзем працягваць вывучаць гэтае пытаньне. Аднак я лічу, што важна прызнаць, што да, падчас і пасьля [інцыдэнту] лінія прадухіленьня інцыдэнтаў працягвала працу і, як я ўжо адзначаў, перамовы па прадухіленьні інцыдэнтаў у раёне, дзе прайшла гэтая апэрацыя, насілі прафэсійны характар.

Пытаньне: (неразборліва)... я прасіў вас як-небудзь ахарактарызаваць гэтыя перамовы. Ці выступалі расейцы супраць вашых удараў?

Ген. Харыгіан: Як я ўжо казаў, перамовы насілі прафэсійны характар. Перамовы аб прадухіленьні інцыдэнтаў не выходзілі за рамкі прафэсійных зносін на працягу ўсяго часу, пакуль разьвіваліся падзеі, якія прывялі да гэтай сытуацыі.

Генэрал падкрэсьліў, што галоўнай і па сутнасьці адзінай мэтай прысутнасьці амэрыканцаў у Сырыі зьяўляецца барацьба з ІГІЛ, аднак яны гатовыя абараняць сябе і сваіх саюзьнікаў ад нападаў, ад каго б яны ні зыходзілі.

Пытаньне: Хацелася б удакладніць, тое, што нейкія прыхільнікі рэжыму выжылі ў гэтым моры агню — дакладна было б казаць, што вашай мэтай не было забіць іх усіх?

Ген. Харыгіан: Нашай мэтай у той сытуацыі была самаабарона, ня больш і ня менш.

І таму, як я ўжо падкрэсьліваў, як толькі... як толькі камандзір наземных сіл, бліжэйшы да месца бою, палічыў, што абараніў нашы сілы і што праціўнік больш не ўяўляе для яго пагрозу, мы спынілі ўдары ў гэтым раёне. Гэта было выключна яго рашэньне.

Я думаю, што ўсім нам важна зноў прызнаць, наколькі эфэктыўна ён прыняў гэтыя рашэньні. Я вельмі высока цаню яго намаганьні.

Пытаньне: Ці можаце хаця б прыкладна сказаць, колькі бомбаў і снарадаў — «вельмі шмат», хоць бы па вазе?

Ген. Харыгіан: Ведаеце, можа быць, у будучыні мы разгледзім гэтае пытаньне. <...> павінна быць гранічна ясна, што хто заўгодна, хто паспрабуе нас атакаваць, запомніць гэты дзень надоўга.

У апошнія суткі між тым пачалі паступаць паведамленьні пра мноства параненых у гэтым баі ў Сырыі, дастаўленых у шпіталі Міністэрства абароны Расеі. Reuters са спасылкай на свае крыніцы піша як мінімум пра 50 параненых. Адзін з набліжаных Ігара Стралкова (Гіркіна) Міхаіл Палынкоў напісаў, што наведаў у шпіталі аднаго з параненых, і, паводле яго ўражаньня, інфармацыя аб 600 загінуўшых пацьвярджаецца. Тут, зрэшты, адзначым, што лічбу 600 загінуўшых у сувязі з боем не называе ніхто, акрамя акружэньня Стралкова. Як правіла, у крыніцах, на якія спасылаюцца заходнія СМІ, фігуруюць ацэнкі страт расійскіх грамадзян забітымі ад некалькіх дзесяткаў да двухсот. Хто што пісаў аб колькасьці ахвяр, можна паглядзець у таблічцы, складзенай CIT:

Усяго да раніцы пятніцы вядомыя імёны дзевяці расейцаў, як мяркуецца, якія загінулі ў баі, пра які казаў генэрал Харыгіан. Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава напярэдадні заявіла, што ў Сырыі пры ўдары сіл кааліцыі, магчыма, загінулі пяцёра грамадзян Расеі, якія не зьяўляюцца ваеннаслужачымі, і назвала паведамленьні аб вялікіх стратах «дэзінфармацыяй».