Выдавецтва «Кнігазбор» перавыдала дзіцячую кнігу вершаў Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей». Упершыню кніга пабачыла сьвет у 1994 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Той наклад у пяцьдзесят тысяч асобнікаў адразу стаўся рарытэтам. Гэты на некалькі парадкаў меншы, але выклікае нашмат больш пытаньняў у маленькіх чытачоў.
Папраўдзе, не было аніякае прычыны плакаць. А толькі радавацца такой шыкоўнай пэрспэктыве — правесьці гэты вечар, а калі спадабаецца (а імя аўтара гэта гарантавала), то і наступныя зімовыя вечары з цудоўнаю чытанкай. І дзякаваць выдаўцам за такую раскошу. Альбомны фармат, цьвёрдая вокладка, яркія малюнкі маладое мастачкі Лізаветы Лянкевіч.
Яна й радавалася, што «Азбуку» ўлюбёнага паэта атрымала ў самы патрэбны ейным дзеткам час. Малыя ўселіся абапал яе на канапе, і яна пачала чытаць:
Літары Ад А да Я — Пчолак дружная сям’я Носіць Мёд у соты ведаў, Просіць, Каб усё ты ведаў, Паступова, Пакрысе Іх запомніць Трэба ўсе!
— А я ўжо ведаю літары, — горда паведаміў старэйшы.
— А што такое «соты»? — не цярпелася дазнацца малодшай.
Яна патлумачыла і працягвала чытаць:
Гукі мовы роднай, наскай Перапоўняць сэрца ласкай, Дык шануй сьвятыя словы Беларускай звонкай мовы!
— А што такое «сьвятыя словы»? — рупіць дзяўчынцы.
— І мы таксама размаўляем сьвятымі словамі? — удакладняў хлопчык.
Мама ўсё растлумачыла ім і дэклямавала далей:
Радуе нябёсы й долы Вулей азбукі вясёлы.
Пра Айчыну, азбуку й адвагу пытаньняў не было. Бульба й бусел таксама ім вядомыя і зразумелыя ад нараджэньня. А вось радкі
...Бацька Нёман зь берагамі, — Беларусі ўсёй бязьмежжа Белабог аберагае...
зноў спынілі плынь чытаньня. Як толькі цікаўнасьць малых была задаволеная, яна пачала наступную страфу:
Адвядзе чужынцаў стрэлы Сьцяг наш Бел-Чырвона-Белы!
— Мама, а дзе наш сьцяг? — спытаўся сын.
— Вунь, на кніжнай паліцы. Ці ты хіба пераставіў яго куды?
— Не, не пераставіў, але ж у садочку нам паказвалі іншы, не такі, як у нас дома. І выхавальніца казала, што той, з чырвоным і зялёным, — наш сьцяг.
Яна задумалася. Што сказаць пяцігадоваму чалавеку? Паэт, а ўсьлед за ім і мама, памыляюцца, ці выхавальніца? Праўда толькі адна, і яна заўсёды была зь дзецьмі шчырай. Але ж не расказваць ім, што паэт складаў «Азбуку», калі Наш Сьцяг быў усюды — дома, у садочку, у школе, дзе яна тады вучылася, на будынках у горадзе... А потым здарыўся рэфэрэндум, і злыя дзядзькі Наш Сьцяг адусюль скінулі.
— Чаму злыя дзядзькі скінулі? — пытаньне сына абудзіла яе ад думак, якія яна, незаўважна для сябе, выказвала ўголас. Страпянулася і стала гаварыць нешта пра дабро і зло, пра ману і праўду, пра любоў і нянавісьць. І задаволеныя мамінымі адказамі малыя далей слухалі пра вясёлку й валошку, гліну й гарбуз, дзятла і дождж, жыта і жорава, зубра і зязюлю, гай і каравай, ману і мару.
Але, перагарнуўшы новую старонку, яна спынілася. Дзеці разглядвалі малюнкі зь вершнікам, а яна, прадчуваючы пытаньні, разумела, што тут яе вытрымкі наўрад ці хопіць для ўцямнага тлумачэньня. А мо прапусьціць гэтую старонку? Але слухачы апярэдзілі яе рашэньне рашучай просьбаю чытаць пра вершніка.
Пабач, Як празь вякі ў сягоньня Прымчала гордая Пагоня — Герб незалежнай Беларусі. У цішыні складзі далоні І цьвёрда прысягні Пагоні. Скажы: — Чужынцам не скаруся!
— Што такое Пагоня? Куды яна прымчала? Дзе яна цяпер? Чаму трэба прысягаць ёй?
Дзеці закідвалі яе пытаньнямі, а яна маўчала, разгублена пераводзячы вочы з аднаго да другога. І раптам сьлёзы хлынулі на старонкі кнігі, і, ня ў сілах спыніць іх, яна выбегла з пакоя.
Дзеці сьцішыліся на канапе і не разумелі, чаму плача мама. Яны ж яе нічым не пакрыўдзілі.