Андэрс Брэйвік упершыню раскаяўся за забойствы ў Осла і на востраве Утэя

Архіўнае фота. Андэрс Брэйвік на слуханьнях пра цяжкія ўмовы ўтрыманьня ў турме Шыен (Skien). 10 студзеня 2017 году

Нарвэжац Андэрс Брэйвік упершыню раскаяўся ў забойстве 77 чалавек, якое ён зьдзейсьніў амаль сем гадоў таму. Пра гэта паведамляе выданьне Verdens Gang са спасылкай на ліст асуджанага начальству турмы.

Брэйвік сьцьвярджае, што пакінуў радыкальную нацыяналістычную ідэалёгію і марыць, каб падзеяў 2011 году ніколі не было. Судовыя псыхіятры лічаць, што асуджаны хоча дамагчыся паблажкі скараціць сабе тэрмін зьняволеньня. Раней Брэйвік заяўляў, што ў турме ягоныя погляды сталі яшчэ больш радыкальнымі, чым калі ён зьдзейсьніў напад.

У чэрвені мінулага году вярхоўны суд Нарвэгіі адмовіўся разглядаць скаргу Брэйвіка на ўмовы ўтрыманьня пад вартай. Раней раённы суд у Осла палічыў іх негуманнымі і пастанавіў кампэнсаваць асуджанаму судовыя выдаткі ў памеры 35 тысяч эўра, але гэта рашэньне пазьней было адменена.

Нарвэгія выдаткоўвае на Брэйвіка як Беларусь на 500 вязьняў

У 2011 годзе Брэйвік зьдзейсьніў выбух у Осла і адкрыў страляніну ў моладзевым лягеры на востраве Утэя. Усяго 77 чалавек загінулі, больш за 150 атрымалі раненьні. Тэрарыст прызнаў сваю віну і быў прысуджаны да 21 год зьняволеньня. Гэты тэрмін можа падаўжацца па рашэньні суда.