Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заслухаў 15 лютага даклад пра падрыхтоўку трэнэрскіх кадраў і разьвіцьцё дзіцяча-юнацкага футболу.
«Усюды правал. Самы масавы, самы любімы від спорту, для якога, па вялікім рахунку, каб навучыцца гуляць, нічога ня трэба», — цытуе БелТА Лукашэнку.
У сустрэчы бралі ўдзел старшыня праўленьня Банку разьвіцьця Беларусі, старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас, яго намесьнік у Беларускай фэдэрацыі футболу Юры Курбыка, а таксама беларускія трэнэры — Cяргей Бароўскі, Эдуард Малафееў і Людас Румбуціс.
Кіраўнік Беларусі сказаў, што трэнэрам павінна быць сорамна за стан футболу ў краіне. Ён адзначыў, што дзяржава робіць усё для разьвіцьця гэтага віду спорту, а курыруе яго кіраўнік найлепшага ў Беларусі банку.
«Адзін праект, правалены ім, — гэта футбол. А вы дзе былі? Ён жа, груба кажучы, у вас „дах“ — падстрахаваць, арганізаваць, яшчэ нешта. А вырашаць праблемы ёсьць каму».
Лукашэнка зноў згадаў, што ў маладосьці вельмі любіў футбол і імкнуўся гуляць у яго. Успомніў, як яму па начах даводзілася зашываць мячы, бо магчымасьці рэгулярна набываць новыя не было.
«Калі б так спартоўцы ставіліся да спорту, мы б чэмпіёнамі сьвету былі. Хто ў нас так ставіцца сёньня? І я не адзін тады такі быў, такія часы былі».
Паводле Лукашэнкі, многія беларускія футбалісты ў той час былі легендамі.
«Дзе яно ўсё цяпер? Яго няма, таму што няма трэнэра — няма спорту».
«Узяць на кантроль трэнэраў»
Аляксандар Лукашэнка выказаўся за тое, каб рэарганізаваць Беларускую фэдэрацыю футболу.
«Трэба знайсьці талковых людзей, стварыць добрую фэдэрацыю, якая будзе дапамагаць, кантраляваць, падтрымліваць, і ўзяць на кантроль трэнэраў», — сказаў Лукашэнка.
Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» падрыхтавала каля 500 трэнэраў (на 2011 год — 247), у тым ліку 44 маюць катэгорыю Pro, прэстыжную трэнэрскую ліцэнзію.