Думкі пра Беларусь тых, хто жыве ці вырас на Балканскім паўвостраве, зьмясьціў сацыяльны інтэрнэт-сэрвіс Quora, які пазыцыянуе сябе як рэсурс, дзе можна атрымаць адказ на любое пытаньне ад прафэсіянала, а таксама самому абмяняцца онлайн-ведамі на тую ці іншую тэму.
Тэма палітыкі, паводле сваёй папулярнасьці тут саступае тэмам, зьвязаным з тэхналёгіям. Тым ня менш, пытаньні пра Беларусь задаюцца на Quora ня так ужо і рэдка.
Сладзяна Віцентыевіч, якая жыве ў Сэрбіі: Лукашэнка атрымаў ордэн Сэрбіі
«Сэрбія і Беларусь маюць добрыя ўзаемаадносіны. Паміж краінамі існуе двухбаковы бязьвізавы рэжым. Ёсьць разуменьне і супрацоўніцтва ў галіне культуры. Нават калі ўсе розныя культурніцкія мерапрыемствы і фэстывалі арганізуюцца на дыпляматычным узроўні, я думаю, што яны цікавяць нашых людзей, незалежна ад матываў урадаў.
Аляксандар Лукашэнка атрымаў ордэн Рэспублікі Сэрбіі за разьвіцьцё і ўмацаваньне мірнага супрацоўніцтва і дружалюбных адносін паміж краінамі. Асабіста я не настолькі знаёмая з палітыкай Лукашэнкі, а таму пакіну гэтую частку без камэнтароў.
Што мне не падабаецца, дык гэта славянскае вайсковае братэрства паміж Расеяй, Сэрбіяй і Беларусьсю. Я ня веру ў гэтыя фальшывыя гісторыі пра тое, што ўсе гэтыя саюзы створаныя з добрымі намерамі, дзеля таго, каб змагацца са злом у сучасным сьвеце. Мне вельмі цяжка пераварыць, што Сэрбія можа ўключыцца ў такую барацьбу пасьля таго, што мы, сэрбы, ды экс-югаславы адчулі ў выніку так званай «міратворчай місіі».
Лара Новакаў, якая вырасла на Балканах: Беларусь закрытая краіна
«Асабіста я ня думаю, што ў сэрбаў ёсьць нейкае меркаваньне пра Беларусь ці Лукашэнку. Напэўна, яны ведаюць, што Беларусь зьяўляецца адной з самых закрытых краін у Эўропе, і што Лукашэнка зьяўляецца прэзыдэнтам на працягу доўгага часу. Але ня больш за тое. Беларусь практычна не згадваецца на Балканах, і гэта ня тая краіна, зь якой Сэрбія мае значны і актыўны кантакт. Таму натуральна, што большасьць людзей вельмі рэдка нават задумваюцца на гэтую тэму, ня кажучы пра тое, каб выказацца».
Андрэй Істрац, які жыве ў Румыніі, на мяжы з Баўгарыяй: На маім «радары» Беларусь фіксуецца надта кепска
Гэта былая савецкая, посткамуністычная краіна з квазыдыктатарам, які падтрымлівае моцныя палітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі з Расеяй.
«Большасьць румын нічога ня ведаюць пра Беларусь. Вялікая колькасьць, можа быць, не зьвяртае і ўвагі на само яе існаваньне. Тыя, хто можа паказаць яе на карце, напэўна, будзе ведаць, што гэта былая савецкая, посткамуністычная краіна з квазыдыктатарам, які падтрымлівае моцныя палітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі з Расеяй.
Што да Лукашэнкі, то, калі запытацца мінакоў на вуліцах, найбольш распаўсюджаная рэакцыя будзе: „Не, ніколі ня чуў пра яго, хто ён?“
Самому мне хацелася б думаць, што я дастаткова добра інфармаваны чалавек, калі гаворка ідзе пра эўрапейскую палітыку, але нават на маім „радары“ Беларусь фіксуецца надта кепска. Акрамя навін пра ролю Менску ў дамове аб спыненьні агню ва Ўкраіне і пэрыядычных перавыбараў Лукашэнкі, што-небудзь пра Беларусь можна пачуць вельмі рэдка».
Джуліян Фэйза, хлопец з Альбаніі: Беларусаў я не сустракаў
«Альбанцы звычайна мала заклапочаная тэмай Беларусі і ў асноўным ня ведаюць, хто такі Лукашэнка. Асабіста я не люблю яго, бо ён дыктатар. На маю думку, Беларусь — гэта маленькі і „лепшы“ варыянт Савецкага Саюзу. Як і Пуцін, Лукашэнка выступае супраць незалежнасьці Косава.
Нягледзячы на гэта, Беларусь, як мне здаецца, менш карумпаваная у параўнаньні з Украінай і Расеяй, а таксама з Альбаніяй, але гэта зусім не азначае, што ён не дыктатар. Ён знаходзіцца ва ўладзе з 1994 году, што дастаткова для падставаў разглядаць Беларусь як антыдэмакратычную краіну.
Што да беларусаў, то я іх ніколі ня бачыў. Сустракаў некалькіх расейцаў ды ўкраінцаў. Але ж дагэтуль не сустракаў ніводнага беларуса».
Яніс Пападопулас з Грэцыі: Зьвесткі вельмі павярхоўныя, большасьць атрымаў з Google
Рэжымам Лукашэнкі створаная адна з самых карумпаваных краін у Эўропе.
«Лукашэнка зьяўляецца лідэрам Беларусі, кіруе зь Менску. Ён дыктатар, цесна кантактуе з Пуціным (які, аднак, не дыктатар, проста нагадвае яго). Рэжымам Лукашэнкі створаная адна з самых карумпаваных краін у Эўропе.
Беларусы? Я думаю, што гэта расейцы, але, магчыма, я памыляюся.
Чуў, што Лукашэнка зьяўляецца найбольш яркім непрыхільнікам Польшчы, бачыць у ёй пагрозу свайму рэжыму».
Сацыяльны сэрвіс Quora па абмене ведаў быў заснаваны дзесяць гадоў таму у Каліфорніі аднымі са стваральнікаў сацыяльнай сеткі Facebook Адамам д’Анджэла і Чарлі Чывэрам. Мова сайту ангельская, усе карыстальнікі пры рэгістрацыі ўказваюць толькі сапраўдныя, а ня фэйкавыя дадзеныя. Стаўленьне ўдзельнікаў адно да аднаго добразычлівае. Quora-супольнасьць уключае ў сябе некалькі добра вядомых людзей, сярод якіх Барак Абама, Гілары Клінтан і іншыя.