Беларусам стала прасьцей атрымаць дазвол на пражываньне ў Польшчы і працаваць ва ўсім Эўразьвязе

Познань

12 лютага ў сілу ўступілі папраўкі да закону аб іншаземцах. Паводле зьменаў у законе, грамадзяне краін спа-за Эўразьвязу могуць пераносіць свае кампаніі ў Польшчу і на гэтай аснове атрымліваць дазвол на часовае знаходжаньне ў краіне. Закон рэалізуе дырэктыву Эўрапарлямэнту і Рады Эўразьвязу ад 15 траўня 2014 году.

Паводле інфармацыі Ўпраўленьня ў справах іншаземцаў, зьмены могуць закрануць 200 тысяч чалавек, паведамляе Радыё Польшча.

Максымальны тэрмін перанясеньня кампаніі ў Польшчу складае 3 гады ў выпадку кіруючых кадраў і спэцыялістаў і 1 год у выпадку стажыстаў. Каб скарыстацца магчымасьцю перанясеньня, патрабуецца працаўладкаваньне ў фірме на працягу 12 месяцаў для кіроўных кадраў і спэцыялістаў і 6 месяцаў для стажыстаў.

На аснове дазволу іншаземец зможа працаваць у гэтай фірме на тэрыторыі ўсяго Эўразьвязу.

Акрамя таго, паводле паправак у законе аб іншаземцах, асобы, якія хадайнічаюць аб дазвол на пастаяннае знаходжаньне, павінны ведаць польскую мову мінімум на ўзроўні B1.