Хакеры напалі на сэрвэры Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі

Сэрвэры і Wi-Fi-сыстэма Алімпіяды ў Пчёнчхане спазналі хакерскія напады за 45 хвілін да цырымоніі адкрыцьця.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Ронхап» са спасылкай на аргкамітэт Гульняў. У выніку кібэратакі была парушаная праца лічбавага тэлебачаньня ў галоўным прэс-цэнтры.

Арганізатары адключылі сэрвэры, каб пазьбегнуць большай шкоды. У выніку праца сайту Алімпіяды была прыпыненая. Пакуль сэрвэры і сайт не працавалі, гледачы не маглі раздрукаваць набытыя квіткі на алімпійскія мерапрыемствы. Працу сайта аднавілі да 8 гадзін раніцы па мясцовым часе сёньня. Арганізатарам спатрэбілася каля 15 гадзін для прывядзеньня кампутарнай сыстэмы ў нармальны стан. У аргкамітэце Гульняў заявілі, што хакеры не паўплывалі на бясьпеку спартоўцаў і гледачоў.

Назва хакерскай групоўкі, якая зьдзейсьніла напад на сэрвэры Алімпіяды, не называецца.