Інвалід І групы Вячаслаў Радкевіч з Маладэчна безвынікова дамагаецца пэнсіі, належнай яму за ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Вячаслаў Радкевіч працаваў у 10-кілямэтровай зоне ЧАЭС, па стане здароўя тры гады заставаўся бяз працы і ўжо дзесяць гадоў прыкаваны да ложка. Жонка Яўгенія Радкевіч праз суд дамагаецца, каб ліквідатару-чарнобыльцу аддалі недаплачаную пэнсію. Аднак сям’і адмаўляюць, спасылаючыся на «тэрмін даўнасьці».
Вячаслаў Радкевіч — ліквідатар-чарнобылец: у 1987 годзе ваенкамат Маладэчна накіраваў яго на працы па ліквідацыі аварыі ў 10-кілямэтровую зону забруджанасьці ЧАЭС.
Страціўшы здароўе, Вячаслаў Радкевіч ня змог працаваць у гарадзкой камунальнай службе і тры гады заставаўся бяз працы. Цяпер яму 70 гадоў, і 10 зь іх ён прыкаваны да ложка.
Мясцовыя чыноўнікі схавалі ад ліквідатара-чарнобыльца, што ён меў права на падвышаную пэнсію ліквідатара ад 50 гадоў.
З дапамогай жонкі Яўгеніі Вячаслаў Радкевіч дамагаецца кампэнсацыі за пэнсію, недаплачаную за мінулыя 20 гадоў.
Аднак суды Маладэчна і Менскай вобласьці адмовілі Радкевічам у пазове. Падстава: выйшаў тэрмін даўнасьці.
Вячаслаў і Яўгенія Радкевічы лічаць судовае рашэньне несправядлівым, незаконным і спадзяюцца дамагчыся справядлівасьці ў судзе вышэйшай інстанцыі.