Тое, што ў часы Машэрава ўсе беларускія гарадзкія школы перарабілі ў расейскія, вядомы факт. Але хто і чаму гэта рабіў? Днямі трапілася ў фэйсбуку згадка літаратара Сяргея Плескача:
«Асабіста я схільны верыць Генадзю Бураўкіну. На свае вушы чуў, як славуты паэт расказваў пра прыём беларускіх літаратараў у Машэрава якраз з нагоды згаданых працэсаў. Тады правадыр беларускіх камуністаў сказаў паэту (тут магу быць не абсалютна дакладным): “У сябе на тэлебачаньні рабі што хочаш. Школа — прэрагатыва Масквы. Калі мы туды толькі паспрабуем сунуцца, ня будзе ні цябе, ні мяне тут”»…
Сёньняшняя сытуацыя адрозьніваецца ад машэраўскай роўна тым, што здабылі самі людзі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х. Некалькі рэальна беларускіх школ. Тым часам у дзяржаўнай палітыцы па сутнасьці не зьмянілася нічога. Школа — прэрагатыва Масквы.
А пачалося гэта пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі сёньняшнюю Беларусь далучылі да Расейскай імпэрыі, асабліва пасьля паразы паўстаньня Каліноўскага. Ужо 1 студзеня 1864 году граф Мураўёў выдаў закон, у якім выказваў недавер мясцоваму настаўніцтву, як каталіцкаму, так і праваслаўнаму. Настаўнікамі мусілі быць сапраўдныя вялікаросы з унутраных расейскіх губэрняў, «бязь ценю чагосьці тутэйшага і сымпатыі да краю».
І вось я думаю, а чым тады быў Кастрычніцкі пераварот 1917 году, калі нішто ні ад чаго не адрозьніваецца ні да, ні пасьля, ні нават сёньня. Дарма што праліта столькі крыві. Як былі ў Маскве пры ўладзе спэцслужбы, так і засталіся. Як быў тут кіраўніком усяго і ўсіх расейскі «сілавік» Мураўёў, так і цяпер — «чэкіст» Лукашэнка. Школа — прэрагатыва Масквы.
А сутнасьць у тым, што пераварот 1917-га быў чарговай пасьля Разіна і Пугачова спробай расейскага бунту, толькі спробай удалай, хоць і бессэнсоўнай, бо на месца забітых прыйшлі «тыя ж людзі». Ні на грам ня больш адукаваныя ці выхаваныя ці гуманныя. Чаму? Бо сутнасьць спэцслужбаў не мянялася з часоў Івана Жахлівага. І гэтая нязьменнасьць у нашым выпадку — зьява чыста імпэрская, расейская, маскоўская. Яна вынікае з таго, што з часоў Жахлівага ў Расеі ніякай была і застаецца цана чалавечага жыцьця. Пра гэта, між іншым, апошняя кніга Сьвятланы Алексіевіч пра «чырвонага чалавека», таго, які каштуе нуль рублёў нуль капеек. Чалавек са сьвядомасьцю гулагаўскага раба ў куфайцы.
На гэтай менавіта ідэалягеме стаіць улада спэцслужбаў, што ў Маскве, што ў нас. А ўвасабляюць ідэалягему ў жыцьцё школа, царква і чынавенства, прычым школа — на першым месцы.
Школа вучыць разумнаму, добраму, вечнаму? Чаму ж тады так каўбасіць нашу сыстэму адукацыі — разагнаць гімназіі, усіх пад адзін узровень, дзеці стамляюцца ад лішніх ведаў, ім цяжка рана ўставаць… І менавіта расейская школа ў Беларусі — тая тэрыторыя, дзе ў прынцыпе магчымыя салдафонскія «інавацыі», бо яна — імпэрская паводле свайго складу — ад самых мураўёўскіх часоў.
Многіх уразіла мэтамарфоза вядомых дзеячоў расейскай культуры. Маўляў, былі эўрапейцамі, а сталі… ватнікамі. Як такое магчыма? А хіба ня так было заўсёды? Хіба ня тая ж мэтамарфоза адбывалася з Дастаеўскім, з Пушкіным: «О чем шумите вы, народные витии?». Гэта для нас мэтамарфоза, а для іх, Прылепіных-Канчалоўскіх, — плата за тое, каб застацца афіцыйна прызнанымі. Найперш — у школьнай праграме.
Беларуская школа іншая, яна «непанятная». Як «непанятны» быў закрыты Лукашэнкам бліскучы Коласаўскі ліцэй, што меўся стаць узорнай пляцоўкай для ўсёй сыстэмы адукацыі незалежнай Беларусі. Ён быў «непанятны» не з-за мовы, а з-за сваёй базавай гуманістычнай скіраванасьці, калі кожны вучань важны, калі важная індывідуальнасьць, спаборнасьць, інтэлектуальны, маральны і эстэтычны рост, калі чалавечае жыцьцё мае безумоўны кошт — гэта найперш. Ліцэй даваў стоадсоткавую паступальнасьць у ВНУ, дзе да 2-3 курсу ягоным выпускнікам проста не было чаго рабіць. Немагчыма на базе беларушчыны разьвіваць салдафонства і раўняць усіх пад адзін грабень. Сама беларушчына не такая хоць бы таму ўжо, што наша, кроўная. Толькі ня ведае яна, што яе лёс залежыць не ад нас, а ад спэцслужбаў і Масквы.
У гэтай прэрагатыве ўся і загвоздка. На першы погляд, як можа міністар-энкавэдэшнік адкрываць помнік царскаму гарадавому? А гэта тыя самыя людзі. Людзі ў нашым рэгіёне Эўропы ўвогуле дзеляцца на тых, хто ня здольны ўдарыць іншага, і тых, хто ўмее біць па нырках безь сьлядоў. Так яны ва ўсе часы і дзеляцца. Першыя хочуць проста жыць, другія хочуць ня даць жыць першым. Іншых падзелаў не існуе. Ні палітычных, ні рэлігійных. Вось чаму чэкіст Пуцін можа на цела бальшавіка Леніна сказаць «мошчы», безь пяці хвілін сьвятыя. Вось чаму міністрам адукацыі ў Беларусі становіцца камуніст-бальшавік, які загадвае на дзяржаўным узроўні замест сотых угодкаў БНР адзначаць 100-я ўгодкі ВЛКСМ. Гэта адна каманда, людзі аднаго складу.
Можна, вядома, і ў расейскай школе выгадавацца беларусам. Калі толькі гэта будуць «адзінкавыя выпадкі».
Некалі я рабіў падлікі, колькі ўсяго беларускага ў нас дазволена ў публічнай прасторы. Атрымалася ня больш за два працэнты. Як толькі на яшчэ адну шыльду, на яшчэ адну школу, на тэлеперадачу, на канцэрт Вольскага, на яшчэ адну тусоўку, на кнігу будзе больш за гэтыя агульныя два працэнты — адразу забарона ці сыгнал. Сыгнал негалосны. Прыбярыце. Ня трэба. Гэта — прэрагатыва Масквы.
У публічнай прасторы часьцей гаворыцца пра разумнае, добрае, вечнае. Але гэта ня значыць, што такога болей. Насамрэч яго мізэрна мала. Проста пра іншае не гаворыцца зусім. І ўсе ўсьведамляюць, што трэба выгадаваць ватніка. Але маўчаць. Гэта таямніца. Як і самі спэцслужбы, якіх не відаць. Але яны ёсьць паўсюль. У тым ліку ў школе. Яны ў кантэксьце.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.