З надыходам маразоў пантонны мост паміж Жыткавічамі і Туравам ня дзейнічае. Людзей перапраўляюць з аднаго берагу на другі на маторных катэрах МНС.
Рух мостам цераз Прыпяць паміж Жыткавічамі і Туравам спыніўся на пачатку сьнежня. Мясцовы жыхар заўважыў, што палатно прагнулася, а на цэнтральным пралёце ўтварылася расколіна. Ужо празь некалькі дзён супрацоўнікі МНС разам з вайскоўцамі наладзілі пераправу па часовым пантонным мосьце. Улады паабяцалі пачаць будаўніцтва новага часовага мосту, адначасова працягвалася абсьледаваньне старога стацыянарнага.
У сярэдзіне студзеня празь ледаход на Прыпяці часовы пантонны мост давялося разабраць. З таго часу супрацоўнікі МНС перапраўляюць людзей з аднаго берагу на другі маторнымі катэрамі. Працэс ускладняе пастаянны ледаход – па рацэ плывуць крыгі, і катэр ратавальнікаў вымушаны лявіраваць паміж імі. Свабода паназірала за тым, як гэта адбываецца.