Расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага выкрыла сувязі намесьніка расейскага ўраду Сяргея Прыходзькі з алігархам Алегам Дзерыпаскам. Навальны выйшаў на гэтую тэму праз інстаграм «дзіўнай беларускай дзяўчыны».
Апазыцыянэр Аляксей Навальны абвінаваціў у карупцыі намесьніка старшыні ўраду Расеі Сяргея Прыходзьку. Паводле расьсьледаваньня Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК), чыноўнік у жніўні 2016 году правёў тры дні на яхце мільярдэра Алега Дзерыпаскі.
Намесьнік старшыні ўраду і алігарх, як сьцьвярджае Навальны, плавалі на судне ля берагоў Нарвэгіі разам з «дзяўчатамі з эскорт-агенцтваў». Гэта стала вядома з Інстаграму і кнігі адной з гэтых дзяўчат, якая называе сябе «Насьця Рыбка».
Навальны лічыць «хабарам» тое, што Дзерыпаска «катае на ўласнай яхце чыноўніка найвышэйшага рангу», а таксама аплачвае яму паслугі «дзяўчат з эскорт-агенцтваў» і пералёт у Нарвэгію на прыватным самалёце.
Акрамя гэтага, як сьцьвярджае Навальны, Прыходзька валодае домам коштам 300 мільёнаў рублёў у дачным каапэратыве «Сосны» ў Маскоўскай вобласьці, а таксама дзьвюма кватэрамі ў Маскве агульным коштам амаль у паўмільярда рублёў. Апазыцыянэр лічыць, што Прыходзька мог купіць гэтую нерухомасьць толькі дзякуючы хабарам, паколькі іншай крыніцы даходаў для такіх дарагіх набыткаў у чыноўніка няма.
Дзерыпаска, у сваю чаргу, на думку Навальнага, мог быць адным з пасярэднікаў Крамля пры ўмяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе. Менавіта гэтую тэму, паводле вэрсіі ФБК, алігарх і Прыходзька абмяркоўвалі падчас плаваньня на яхце ля берагоў Нарвэгіі.
Навальны заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна адправіць Прыходзьку ў адстаўку і дапытаць Дзерыпаску. Апазыцыянэр адзначыў, што ён ужо зьвярнуўся са скаргамі ў Сьледчы камітэт, ФСБ і пракуратуру. «Ня ганьбіце сябе і краіну», — зьвярнуўся Навальны да Пуціна.
«Насьця Рыбка», якая плавала на яхце разам з алігархам і чыноўнікам, апісала іх падарожжа ў кнізе, і хаця замяніла імёны, указала сапраўдныя дэталі біяграфіяў, што дазволіла Навальнаму ідэнтыфікаваць герояў. А фотаздымкі з Інстаграму «эскортніцы» пацьвердзілі ягоную вэрсію.
«Рыбка», якая цяпер жыве ў Расеі, родам зь Беларусі. «Мой шлях пачаўся з маленькага беларускага гарадка Бабруйску, — піша пра сябе дзяўчына. — Я звычайная студэнтка біяфаку. Праходжу практыку пасьля навучаньня». «Насьця Рыбка» назвала сваю кнігу «Дзёньнік спакушэньня мільярдэра альбо Клон для алігарха». Акрамя дэталяў адносінаў з багатымі мужчынамі ў Расеі, яна мімаходзь узгадвае і моманты сваёй беларускай біяграфіі.
«У Беларусь я больш ні нагой. Дурная краіна! Пры маім апошнім наведваньні мяне суткі ў камэры трымалі... Я была ў апазыцыі на Хартыі і нас забралі ў КДБ на допыт, прасілі здаваць змоўшчыкаў, я наогул не разумела, чаго ад мяне хочуць, патрабавала адваката, і праз суткі мяне адпусьцілі. І неяк наогул няма цяпер жаданьня вяртацца».
Дэталяў аўтарка не падае, але паводле яе старонкі Вконтакте, яна нарадзілася ў 1997 годзе, то бок у 2010, калі б тэарэтычна маглі адбывацца падобныя падзеі зь яе ўдзелам у Беларусі, ёй было 13 год.