Саэйма Латвіі (парлямэнт) ухваліла ў папярэднім чытаньні законапраект аб рэформе дзяржаўнай адукацыі. Ён прадугледжвае паступовы пераход адукацыйных устаноў цалкам на латыскую мову. Зараз дакумэнт павінна ўхваліць камісія па адукацыі, пасля чаго ён вернецца ў Саэйму для канчатковага зацьвярджэньня.
Згодна з законапраектам, дзеці з 1 па 6 клясу будуць вучыцца на дзьвюх мовах. З 7 па 9 клясу на дзяржаўнай мове будуць выкладаць ня менш за 80% прадметаў. Ад 10 па 12 клясу школьнікі будуць вучыцца толькі на латыскай.
Найбуйнейшай меншасьцю ў Латвіі зьяўляюцца рускамоўныя – гэта каля 40% жыхароў. Падчас прыняцьця закону перад будынкам Саэймы праходзілі акцыі за захаваньне навучаньня на расейскай мове. На думку пратэстоўцаў, прапанаваны закон недастаткова збалянсаваны.
Міністар адукацыі і навукі Карліс Шадурскіс на пасяджэньні паабяцаў, што міністэрства працягне выконваць міжнародныя абавязкі па забесьпячэньні адукацыі для нацменшасьцяў, яго разьвіцьці і фінансаваньні.
У жніўні 2017 году стала вядома, што выпускнікі школ 9 і 12 клясаў будуць здаваць экзамэны толькі на латыскай мове. У міністэрстве адукацыі Латвіі тады заявілі, што поўны пераход да здачы экзамэнаў на латыскай мове дазволіць школьнікам больш эфэктыўна навучацца ў прафэсійных навучальных установах і інтэгравацца на рынку працы.
Латыская – адзіная дзяржаўная мова Латвіі. Паводле інфармацыі міністэрства адукацыі Латвіі, ад 2009 па 2016 год доля школьнікаў, якія жадаюць здаваць іспыты на нацыянальнай мове, скарацілася з 40 да 15 працэнтаў.
Мяркуецца, што поўны перавод на навучаньне па-латыску завершыцца да 1 верасьня 2021 году.