Паліцыя Фляндрыі заяўляе пра замах на папулярнага бэльгійскага сьпевака родам зь Беларусі

Бруге. Фота Вольгі Бажэнавай

Папулярны бэльгійскі сьпявак беларускага паходжаньня Андрэй Лугоўскі знаходзіцца ў крытычным стане ў адным са шпіталяў гораду Бругэ пасьля спробы яго атручваньня.

Паводле паліцыі Заходняй Фляндрыі, якая распачала крымінальную справу па факце замаху на жыцьцё, у якасьці атрутнага рэчыва быў ужыты талій, інгрэдыент пацучынага яду. Як атрута трапіла ў арганізм, застаецца невядомым.

Ніякіх камэнтароў сьледчыя не даюць.

За жыцьцё сьпявака змагаюцца вядучыя бэльгійскія таксыколягі.

У Бэльгію народжаны ў Менску сьпявак разам з бацькамі пераехаў у 1999 годзе. Ягоная музычная кар’ера пачалася ў 2007, калі ён выйшаў у фінал флямандзкай вэрсіі шоў Pop Idol. Андрэй Лугоўскі пачаў сваю кар’еру з клясычнага італьянскага рэпэртуару. Потым пераключыўся на мікс поп і опэры. У 2009 годзе ён выпусьціў першы са сваіх чатырох альбомаў «My World».

Як пішуць бэльгійскія і галяндзкія СМІ, для многіх аматараў музыкі навіна стала громам сярод яснага неба. Прыхільнікі яго творчасьці шлюць у клініку лісты падтрымкі з пажаданьнямі хутчэйшага выздараўленьня, запальваюць у цэрквах сьвечкі.