Mark Formelle стварыла пэтыцыю за права жанчын быць прыгожымі і прывабнымі

Кампанія Mark Formelle напярэдадні 8 сакавіка стварыла пэтыцыю, у якой пратэстуе супраць фанатызму ў змаганьні з дэманстрацый паўаголеных цел у рэкляме і прапануе пакінуць за жанчынамі права быць прыгожымі і прывабнымі.

Тэкст пэтыцыі быў разьмешчаны на пляцоўцы change.org. Плянуецца сабраць як мінімум 500 подпісаў, якія далей накіруюцца ў адпаведныя ўстановы.

Кампанія вытворчасьці ніжняй бялізны ўжо даўно знаходзіцца ў цэнтры некалькіх гендэрных скандалаў, зьвязаных з шэрагам рэклямных ролікаў, дзе дэманструюцца паўаголеныя целы. Прадстаўніцы праваабарончых і фэмінісцкіх арганізацыяў абвінавачвалі фірму Mark Formelle у тыражаваньні сэксісцкай рэклямы, якая «прыніжае жанчын» — маўляў, мадэлі дэманструюцца як сэксуальны абʼект, паказваюцца ў ненатуральных спакусьлівых позах і вобразах. Актывісты пісалі пэтыцыі і звароты ў дзяржаўныя ворганы з патрабаваньнем скарэктаваць закон «Аб рэкляме».

Кампанія ў адказ зьняла яшчэ адзін іміджавы ролік, дзе галоўнымі героямі, якія шыюць жаночую бялізну, выступалі сэксуальныя маладыя мужчыны з голымі торсамі.


Цяпер кампанія Mark Formelle сама выступіла з пэтыцыяй, дзе заклікае не змагацца з рэкламай паўаголеных жанчын, але даверыцца асабістаму выбару кожнага — што і як насіць, і пакінуць за жанчынамі права быць прыгожымі і прывабнымі. Дэкляруючы сваю падтрымку руху ў абарону правоў жанчын, аўтары пэтыцыі падкрэсьліваюць: «Мы пратэстуем супраць фанатызму, які ў выніку, прыводзіць да ўшчамленьня гэтых правоў»​.

Аўтары пэтыцыі прыгадваюць, што вядомага гішпанскага мастака Франсіска Гою ў 1808 году інквізыцыя абвінаваціла ў амаральнасьці за стварэньне карціны «Маха аголеная».

«​Праз 210 гадоў у Беларусі знайшлося больш за тысячу чалавек, якія запатрабавалі забараніць рэкляму жаночай бялізны, калготак і салярыяў, паколькі ў гэтай рэкляме выкарыстоўваюцца вобразы прыгожых паўаголеных жанчын і мужчын»​. ​

У пэтыцыі згадваюцца таксама Вэнэра Мілоская і творы Рэмбрандта, якія ўпрыгожваюць найлепшыя музэі сьвету і ні ў каго не выклікаюць пярэчаньняў.

«​Людзі атрымліваюць эстэтычнае задавальненьне, сузіраючы, у тым ліку, і прыгажосьць чалавечага цела. Ня трэба пазбаўляць іх гэтага!»​, гаворыцца ў пэтыцыі.

На момант публікацыі было сабрана ўжо больш за 250 подпісаў.

Як толькі наступае вясна, узрастае градус сэксізму, — герой роліка Mark Formelle