Сёньня гаворка пойдзе пра здароўе людзей і маладых, і сталага веку.
Маладыя людзі, асабліва дзяўчаты, нярэдка прымяняюць розныя дыеты, каб мець добрую фігуру, і пры гэтым рэзка абмяжоўваюць сябе ў карысных прадуктах, неабходных для нармальнай жыцьцядзейнасьці маладога арганізму.
Зь іншага боку, больш сталыя людзі часта пытаюцца, ці можна харчавацца салодкімі прадуктамі, ці не зьяўляюцца яны небясьпечнымі ў сэнсе разьвіцьця атэрасклерозу і зьвязанымі зь ім хваробамі сэрца і судзінаў.
Як часта бывае, ісьціна знаходзіцца пасярэдзіне.
Мозг інтэнсіўна працуе і ўначы
Адзін з галоўных органаў чалавека, які рэгулюе дзейнасьць арганізму, — галаўны мозг. Днём ён патрэбен нам каб правільна прымаць рашэньні, аналізаваць шматлікую інфармацыю і запамінаць патрэбныя для жыцьця рэчы.
у начны час галаўны мозг скануе інфармацыю пра стан арганізму і выпраўляе памылкі, якія нарабілі ўнутраныя органы за дзень
Але і ўначы мозг інтэнсіўна працуе — гэта толькі недасьведчанаму чалавеку здаецца, што ён сьпіць. Насамрэч у начны час галаўны мозг як бы скануе інфармацыю пра ўнутраны стан арганізму і выпраўляе памылкі, якія нарабілі ўнутраныя органы за дзень.
Сапраўды, мы ж не задумваемся, напрыклад, як працуе наш страўнік падчас вячэры. А якраз падчас страваваньня ежы ў ім рэгіструецца шмат памылак, якія ўначы праз нэрвовыя валокны выпраўляе галаўны мозг. І гэта тычыцца літаральна ўсіх унутраных органаў.
Адкуль мозг бярэ энэргію
І для навучаньня, і для запамінаньня, і для добрай памяці, і для выпраўленьня памылак арганізму мозгу патрэбная энэргія ад паліва, якое называецца глюкозай.
Глюкоза паступае ў наш арганізм з такімі прадуктамі, як хлеб, рыс і іншыя крупы, бульба, макароны, а таксама гародніна, сокі, мёд, варэньне. Глюкоза ці цукар у гэтых прадуктах знаходзяцца ў выглядзе карбагідратаў, зь якіх у арганізьме і вытвараецца паліва для мозгу.
Глюкоза паступае ў наш арганізм з такімі прадуктамі, як хлеб, рыс і іншыя крупы, бульба, макароны, а таксама гародніна, сокі, мёд, варэньне
Глюкоза настолькі неабходная мозгу, што прырода стварыла магчымасьці для яе назапашваньня празь біяхімічны працэс, які носіць назву глюканэагенэз. Гэта калі пры недахопе паступленьня з прадуктамі харчаваньня глюкоза ўтвараецца арганізмам зь бялкоў і тлушчаў і назапашваецца ў выглядзе асаблівага рэчыва — глікагену — у пячонцы і ў невялікай колькасьці — у мышцах.
Глікаген мае здольнасьць хутка пераўтварацца ў глюкозу пры павышанай патрэбе, напрыклад, пры вялікіх фізычных нагрузках ці калі зь ежай паступае мала глюкозы.
Колькі нам трэба глюкозы
У здаровай дыеце павінна быць 200 грамаў глюкозы штодзённа, з чаго дзьве траціны ці каля 130 грамаў павінна ўжывацца галаўным мозгам для забясьпячэньня яго нармальнай дзейнасьці.
У сэнсе забесьпячэньня глюкозай галаўны мозг зьяўляецца вельмі залежным органам, бо ён можа карыстацца глюкозай толькі з крыві. Гэта адрозьнівае яго ад мышц, уключаючы сардэчную мышцу, а таксама ад пячонкі, якія, пры патрэбе, могуць забясьпечваць сваю дзейнасьць тлустымі кіслотамі.
Да чаго мы ўсё гэта пішам? На сёньняшні дзень навукоўцам вядома, што як толькі ў арганізм паступае недастатковая колькасьць карбагідратаў, галаўны мозг пачынае пакутаваць ад недахопу паліва. Гэта ўмомант адбіваецца на стане памяці, хутка зьяўляецца недахоп увагі, забыўчывасьць, няўважлівасьць.
Цукерка ці пірожнае зрэдку — карысная рэч
А ў начны час (асабліва калі чалавек недаядае ўвечары) зьніжаецца здольнасьць мозгу да выяўленьня памылак у арганізьме, якія назапашваюцца ў дзённы час. Гэта можа прыводзіць да сур’ёзных хвароб.
для падтрымкі нармальнай дзейнасьці галаўнога мозгу пажадана есьці праз кожныя 4-5 гадзін невялікімі порцыямі
Таму на сёньняшні дзень можна сьцьвярджаць, што для падтрымкі нармальнай дзейнасьці галаўнога мозгу — а значыць памяці, увагі і агульнага здароўя — пажадана есьці праз кожныя 4-5 гадзін невялікімі порцыямі. У склад рацыёну павінны абавязкова ўваходзіць карбагідраты, зь якіх арганізм утворыць глюкозу.
Яшчэ раз нагадваем, што да такіх прадуктаў адносяцца хлеб, крупы, бульба, макароны, а таксама гародніна, сокі, мёд і варэньне. Мы не заклікаем ужываць усё вышэйпералічанае ў завялікіх порцыях, але час ад часу зьедзеная цукерка, насамрэч, дапаможа галаўному мозгу працаваць больш эфэктыўна!