На менскім рынку «Ждановічы» ў раёне гандлёвага гарадка «Лебядзіны» супрацоўнікі ў цывільным затрымалі і зьмясьцілі ў аўтазак некалькі чалавек. Сьведкам «зачысткі» стаў фотакарэспандэнт Свабоды.
Як кажуць самі гандляры, падобныя рэйды праваахоўнікаў рэгулярныя, асабліва на так званым «полі цудаў», дзе прадаюцца ўжываныя рэчы.
«[Рэйды] здараюцца пэрыядычна, — кажа Свабодзе прадпрымальнік Алесь Таўстыка, які працуе на „Ждановчіах“. — Прыяжджаў АМАП са зброяй, калі людзі бараніліся ад канфіскацыі, хаваліся ў падсобках. Іншым разам спрабавалі забраць бытавую тэхніку, а потым аказалася, што кропку „крышуюць“ уплывовыя людзі. Ганяюць гандляроў з Азіі, асабліва хто „стаіць“ на золаце. Але збольшага гэта тычыцца так званага „поля цудаў“. Там чым толькі з-пад крыса не прыгандлёўваюць. Магчыма, паступіў сыгнал».