На крыжах каля вёскі Колбавічы ужо няма надпісаў супраць уніятаў, якія былі зробленыя казакамі.
Як паведамлялася раней, у студзені казакі з арганізацыі «Казацкі Спас» паставілі два дубовыя крыжы — адзін каля вёскі, а другі каля капліцы ў лесе каля вёскі Колбавічы. На шыльдзе на крыжы меліся надпісы «Адрынутыя гвалтам (1596)» і «Узьяднаныя любоўю (1839)».
Такія надпісы былі выбітыя на памятным мэдалі, які быў выпушчаны ў Расейскай імпэрыі з нагоды ліквідацыі ўніяцкай царквы.
Пасьля скандалу ў СМІ баранавіцкія чыноўнікі паведамілі, што адзін з крыжоў быў усталяваны самавольна ды паабяцалі, што антыўніяцкую шыльду здымуць.
3 лютага карэспандэнты пераканаліся, што гэтай шыльды каля каплічкі ў лесе пад Колбавічамі ўжо няма.
Сама каплічка знаходзіцца на тэрыторыі турыстычнага комплексу, які ўзводзіцца пры расейскім інвэставаньні. Каля каплічкі працякае ручай, дзе паломнікі могуць набіраць асьвечаную ваду.