Абстаноўка ў сьвеце няпростая. Беларусь уяўляе цікавасьць для замежных дзяржаў, у тым ліку ў пляне выведкі, адзначыў Валеры Вакульчык.
«Таму працы хапае. У 2017 годзе мы выявілі і спынілі дзейнасьць 11 агентаў і кадравых супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў. У дачыненьні да чацьвярых зь іх былі заведзеныя крымінальныя справы.
У мінулым годзе адбыліся таксама суды над беларускімі грамадзянамі, якія шпіёнілі на карысьць іншых дзяржаў. Усе прысуджаныя да сур’ёзных тэрмінаў, самы маленькі тэрмін — 8 гадоў. Былы высокапастаўлены вайсковец атрымаў 14 гадоў. Яшчэ адзін фігурант падобнай справы асуджаны да 11 гадоў», — распавёў Валерый Вакульчык.
Старшыня КДБ падкрэсьліў, што за час сваёй дзейнасьці беларуская контрвыведка назапасіла сурʼёзны вопыт. «Можна казаць пра істотны прафэсійны рост нашых контрразьведчыкаў. Справы, зьвязаныя са шпіянажам, — гэта вельмі тонкая праца, якая патрабуе вялікай вытрымкі. Вынікаў часам прыходзіцца чакаць гадамі. Адно cа шпіёнскіх злачынстваў, напрыклад, пачалі дакумэнтаваць яшчэ ў 2008 годзе, а затрымалі шпіёна, замежнага выведніка толькі праз восем гадоў », — цытуе старшыню КДБ БелТА.