Ульянаўскіх курсантаў пакаралі за відэа з танцамі ў бялізьне

Кіраўніцтва Ўльянаўскага інстытута грамадзянскай авіяцыі вынесла афіцыйную вымову курсантам, якія ў бялізьне і фуражках станчылі пад песьню Satisfaction і выклалі відэа ў інтэрнэт.

«Да курсантаў, якія ўдзельнічалі ў стварэньні дадзенага роліка, ужытае дысцыплінарнае спагнаньне ў выглядзе вымовы – у адпаведнасьці з заканадаўствам РФ і ўмовамі лякальных актаў інстытута», – паведаміў рэктар інстытута Сяргей Красноў. Паводле яго словаў, з першакурсьнікамі і іх бацькамі праведзеныя выхаваўчыя гутаркі аб тым, што яны парушылі патрабаваньні статута навучальнай установы.

«Учынак курсантаў успрыняты навучэнцамі, выкладчыкамі, іншымі работнікамі інстытута, вэтэранамі, многімі работнікамі авіяцыйнай галіны як праява непавагі да іх гонару і годнасьці, ВНУ і прадстаўнікоў авіяцыйнай галіны ў цэлым», – паведаміў Красноў.

Відэа з удзелам курсантаў было, імаверна, было зьнятае яшчэ ўвосень 2017 года, але зьявілася ў сетцы толькі ў студзені. У роліку першакурсьнікі ў бялізьне, форменных фуражках і ботах танчаць у інтэрнаце навучальнай установы пад песьню Бэні Бэнасі Satisfaction.

Прыволжская транспартная пракуратура пачала праверку роліка, але не знайшла падстаў для адлічэньня курсантаў з ВНУ. Але рэктару навучальнай установы было заяўлена аб «неналежнай арганізацыі выхаваўчага працэсу» і парушэньні закона «Аб адукацыі ў РФ». Таксама пракуратура патрабавала прыцягнуць вінаватых з ліку пэдагогаў да дысцыплінарнай адказнасьці.

У той жа час пэтыцыя на сайце сhange.org з патрабаваньнем не караць маладых людзей з ульянаўскага авіяцыйнага інстытута сабрала больш за 50 тысяч подпісаў.

Далучыліся да акцыі і беларускія зваршчыкі з Салігорску, пасьля чаго афіцыйны Twitter-акаўнт ГУУС Менгарвыканкаму заклікаў правесьці праверку відэа.