«Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва з сур’ёзнай занепакоенасьцю прымае рашэньне Спартыўнага арбітражнага суду, якое тычыцца Алімпійскіх гульняў-2014 у Сочы, падтрымаць апэляцыі 28 расейскіх спартоўцаў і адхіліць апэляцыі 11 іншых з-за парушэньняў антыдопінгавых правілаў, калі ўсе 39 чалавек былі часткай сыстэмнай допінгавай праграмы Расіі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле WADA, гэтае рашэньне выклікала трывогу і расчараваньне. Таму агенцтва падтрымлівае намер Міжнароднага алімпійскага камітэту старанна прааналізаваць гэтыя рашэньне і разгледзець усе варыянты, у тым ліку зварот да Швайцарскага фэдэральнага трыбуналу.
Той факт, што скаргі 11 спартоўцаў адхіленыя CAS, пацьвярджае высновы камісіі МАК, сфармаванай дзеля расьсьледаваньня сыстэмных маніпуляцый з допінг-кантролем у Расеі.
Спартыўны арбітражны суд (CAS) у Лязане 1 лютага задаволіў апэляцыі 28 расейцаў на рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту пра ануляваньне вынікаў сочынскай Алімпіяды. Такім чынам, расейцы вярнулі сабе заваяваныя мэдалі і права прэтэндаваць на ўдзел у Алімпіядзе, калі МАК запросіць іх у Пхёнчхан. Яшчэ 11 апэляцый задаволены часткова.
Такім чынам, беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч не атрымае бронзавы мэдаль Сочы-2014 у маратоне на 50 кілямэтраў. Адпачатку расейцы Максім Вылягжанін і Андрэй Лягкоў рашэньнем камісіі МАК былі прызнаныя вінаватымі ў парушэньні антыдопінгавых правілаў.
Іх вынікі анулявалі, золата аўтаматычна мусіла перайсьці да расейца Ільлі Чарнавусава, срэбра — да нарвежца Марціна Ёнсруда, бронза — да беларуса Сяргея Далідовіча.
Пасьля таго, як суд апраўдаў Вылягжаніна і Лягкова, Далідовіч зноў адсунуўся на першапачатковую пятую пазыцыю.