Шасьціразовы алімпійскі чэмпіён у спартовай гімнастыцы Віталь Шчэрба, які больш за 20 гадоў жыве і працуе ў ЗША, падаў у суд на ўкраінскую гімнастку Тацяну Гуцу.
Пра гэта ён расказаў у дакумэнтальным фільме «Непераможаны», які паказаў тэлеканал «Беларусь 1».
Такім чынам атлет адрэагаваў на абвінавачваньні, што нібыта спрабаваў яе згвалціць, калі яшчэ разам выступалі за збрную СССР. Працэс пачнецца неўзабаве.
«Так, я падаў на яе ў суд. Гэта было зразумела ад самага пачатку, — сказаў Шчэрба. — Я рыхтаваўся з адвакатамі, у лютым ужо будзе першае слуханьне. Справай займаецца суд Лас-Вэгасу».
Віталь Шчэрба выказаў шкадаваньне, цяпер любы можа сказаць усё што заўгодна. А паколькі апраўдвацца няма асаблівага сэнсу — даказаць усё роўна нічога немагчыма — то застаецца толькі судовая справа.
У фільме ён назваў Тацяну Гуцу «неадэкватным чалавекам».
Як пісала Свабода, двухразовая алімпійская чэмпіёнка Тацяна Гуцу на ўласнай старонцы ў Facebook абвінаваціла легендарнага беларускага гімнаста Віталя Шчэрбу ў згвалтаваньні, якое нібыта здарылася на спаборніцтвах ў Штутгарце ў 1991 годзе. Гуцу тады было 15 гадоў, Шчэрбу — 19.
«Віталь Шчэрба — монстар, які трымаў мяне ў палоне ўласных страхаў столькі гадоў. Я ведаю, ты будзеш абараняцца, але мае падрабязнасьці шматкроць мацнейшыя за твае словы. Я цяпер мацнейшая, чым калі-небудзь. Табе мяне больш не зьняважыць. Гэта мая гісторыя папялушкі», — піша гімнастка.
У сваім паведамленьні Гуцу, якая пераехала ў ЗША ў 1993 годзе і цяпер трэніруе дзяцей ва ўласнай акадэміі гімнастыкі ў Мічыгане, адзначае, што яе былыя партнэры па камандзе Тацяна Торапава і Рустам Шарыпаў не заступіліся за яе, калі адбылося здарэньне.