Першую тату гарадзенка Сьвятлана* (імёны герояў зьмененыя) зрабіла сабе ў 13 гадоў самаробнай машынкай. Дзяўчына вырасла і распрацавала цэлую сэрыю эскізаў у нацыянальным стылі. Цяпер яна набівае кліентам выявы беларускіх дзеячоў — ад Кастуся Каліноўскага да Сяргея Міхалка — і гатовая даваць за гэта зьніжкі да 50%.
Каліноўскі за дзевяць гадзін
Са Сьвятланай мы сустракаемся на ейным месцы працы — у тату-салёне ў Горадні. На фоне грае мясцовы панк-рок-гурт Dzieciuki. На кушэтцы кліента ляжыць хлопец. На ягоных сьцёгнах выявы двух рэвалюцыянэраў — Каліноўскага зь бел-чырвона-белым сьцягам і Касьцюшкі зь лёзунгам «Свабода. Цэласнасьць. Незалежнасьць».
Майстарка схілілася над лыткай — там паціху зьяўляецца выява касінера. На другой лытцы ўжо відаць гусар.
«Для мяне гэтыя тату — памяць пра гісторыю, гістарычных асобаў, іх учынкі, памкненьні. Ці балюча? Калі, напрыклад, размаўляеш з майстрам, то амаль не зьвяртаеш на боль увагі. А калі засяроджваесься, то гэта, як адкрытая рана, якую пастаянна кратаюць. Бліжэй да косьці больш балюча. Непрыемна, але не сьмяротна», — усьміхаецца хлопец.
Часам даводзіцца пацярпець. На Каліноўскага, напрыклад, патрэбны тры сэансы, кожны па тры гадзіны.
Ад рэвалюцыянэраў да музыкантаў, ад васількоў да буслоў
Побач са Сьвятланай ейны муж Іван і адначасова мэнэджэр па працы. Ён стаў на час размовы «голасам» майстрыхі: «Вы зь яе слова ня выцягнеце. Я ўсё раскажу ад ейнага імя».
Сьвятлана прафэсійна займаецца тату 9 гадоў. Разынкай ейнай творчасьці стала «беларуская» сэрыя. У яе ўваходзяць выявы Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касьцюшкі, Уладзімера Караткевіча, Сяргея Міхалка, міталягічныя пэрсанажы кшталту пячорніка, русалкі, лесавіка, а таксама беларускія арнамэнты, каласы з валошкамі, буслы і сымбаль Горадні — алень сьвятога Губэрта.
Колькасьць такіх работ ужо пайшла на дзесяткі. Гэтыя партрэты зробленыя ў беларускім трэш-стылі. Дзяўчына таксама любіць працаваць у тэхніцы «ньюскул», блізкім да стылю фэнтэзі.
«Ёсьць постмадэрнісцкі стыль трэш-полька, а мы зрабілі трэш-беларуску. Дакладны пераклад „сьмецьце“, але ў іншым значэньні гэта „нешта моцнае“. Зьмешваюцца рэалізм, нейкія надпісы, мазкі фарбы. Асноўная палітра — чорны, шэры, белы і чырвоны колеры», — распавядае Іван.
Яна вырашыла даваць кліентам вялікія зьніжкі за тату з нацыянальнай тэматыкай, бо шануе сваю культуру і спадчыну ды паважае людзей з такім жа стаўленьнем.
Сужэнцы не размаўляюць увесь час па-беларуску, але робяць для сябе дома беларускамоўныя дні. Менш грошай Сьвятлана таксама бярэ за працу, калі кліент давярае рабіць так, як бачыць мастачка, а ня ўпарта настойвае на сваім.
Найчасьцей замаўляюць беларусы-эмігранты
Адной з такіх выяваў стаў рукаў у стылі трэш-беларуска з выявамі беларускай дзяўчыны, бусла, арнамэнтамі, АЭС на фоне поля з жытам і вершам Караткевіча амаль на ўсю даўжыню рукі. Яе замовіў хлопец з Украіны, які доўгі час жыве ў Горадні і ўжо больш адчувае сябе беларусам, чым украінцам.
З выявай беларускага арнамэнту ў стылі dotwork (малюнак з мноства кропак) Сьвятлана перамагла на конкурсе ў Варшаве ў 2016 годзе.
Па малюнак з жытам прыяжджалі польскія беларускі, якія жывуць блізка да мяжы.
Сярод кліентаў ёсьць іншаземцы, не зьвязаныя зь Беларусьсю. Але часьцей за ўсё тату з нацыянальным калярытам робяць беларусы-эмігранты. Працы Сьвятланы цяпер ёсьць у Швэцыі, Грэцыі, Польшчы, Нямеччыне, Люксэмбургу, Швайцарыі, Францыі, Нарвэгіі, Ізраілі, ЗША, таксама ў розных гарадах Беларусі.
«Людзі прыяжджаюць сюды і забіраюць кавалачак радзімы з сабой», — распавядае Іван.
Некалькі чалавек прасілі зрабіць выявы зь Сяргеем Міхалком і гуртам Brutto.
У калекцыі работ відаць і калярыт суседзяў — вусаты ўкраінец з канём заняў першае месца на нацыянальным конкурсе ў Львове.
Малады лекар, які адвучыўся ў Горадні і паехаў адпрацоўваць у мястэчка, у напамін аб горадзе набіў сабе на грудзях маштабную выяву аленя сьвятога Губерта разам з Калоскай царквой, Фарным касьцёлам і Старым замкам.
Па словах мужа майстрыхі, лекары звычайна робяць самыя цікавыя і самыя маштабныя выявы. Дзяўчаты часьцей выбіраюць кветкі, каласы; мужчыны — больш суворую тэматыку. Арнамэнты любяць і тыя, і другія.
Большасьці кліентаў за 30 гадоў: «Для іх гэта не спантанныя рашэньні, а вынашаныя ідэі». Самае папулярнае месца для малюнкаў — перадплечча. Мала тых, хто робіць толькі адно тату, яшчэ менш тых, хто толькі два.
Але, нават маючы распрацаваныя эскізы, паўтарыць па іх тату няпроста.
«Вось карціна Шышкіна. Наколькі проста зрабіць яе копію? — задае рытарычнае пытаньне муж Сьвятланы. — Татуяваць больш складана, чым маляваць на паперы».
Урэшце паводле аднаго эскізу атрымліваюцца розныя работы. Почырк добрага майстра можна пазнаць. Некаторыя робяць подпісы пад рысункам на целе, але гэта хутчэй выключэньне.
«Тату — гэта мастацтва, толькі недаўгавечнае»
«Тату для мяне — гэта такое ж мастацтва, як і жывапіс, графіка, толькі на целе. Яно не такое даўгавечнае, як на паперы, — Сьвета ўрэшце на хвілінку адрываецца ад працы. — Калі я вучылася ў каледжы, унівэрсытэце, мне вельмі падабаліся партрэты. У іх трэба перадаць глыбіню душы чалавека. Мажліва, гэта неяк тлумачыць маю прыхільнасьць да тату, бо асноўная маса маіх кліентаў з галавой у сваіх ідэях».
Дзяўчына замест паперы выбрала скуру, каб кантактаваць з жывым чалавекам. Чвэрць кліентаў сталі ейнымі добрымі прыяцелямі.
«У пэўнай ступені я псыхоляг, хоць ніколі не хацела ім быць. Многія таму да мяне прыходзяць. Глыбіня душы, вывучэньне чалавека. Мне гэта цікава».
Для Сьвятланы татуяваньне не пра жорсткасьць і эпатаж, а хутчэй пра пяшчоту.
«Я не люблю парваныя твары, чарапы. Іх называюць клясыкай у татуяваньні, бо тату доўгі час была доляй музыкантаў, якія гралі „цяжкую“ музыку. Я люблю болей пяшчотныя работы. Навошта „чарняга“, калі ў жыцьці яе хапае?»
Сьвятлана ўпэўненая, што клясычнае мастацтва ўплывае на сучасныя тату.
«Глядзіш і натхняесься. Без клясычных аналягаў ня можа быць нічога сучаснага, бо гэта этап, які пройдзены. Мы цяпер толькі карыстаемся».
Пра кляймо, рэлігію і супрацьпаказаньні
Першую тату, трох цмокаў, Сьвятлана зрабіла сама сабе на баку. Ейная ўлюбёная тату на ўласным целе — выява свайго памерлага сабакі на назе.
Канчатковае рашэньне займацца татуяваньнем прыйшло, як натхненьне, калі брат вярнуўся з войска зь вялікай наколкай на руцэ.
Майстрыха тлумачыць, што тату і наколка з «зоны» або войска — гэта дзьве розныя рэчы. Татуяваньне людзі робяць сьвядома і добраахвотна, а наколка — быццам кляймо, якое адлюстроўвае статус у закрытых сыстэмах. Калі нехта просіць яе набіць зладзейскія зоркі, то яна адмаўляецца.
Сужэнцы вывучалі пытаньне і пра тое, як розныя рэлігіі ставяцца да тату. Аднак пярэчаньня, прынамсі ў хрысьціянстве і юдаізме, не знайшлі. Іван кажа, што большасьць разумее словы Старога Запавету і Торы пра забарону рабіць адбіткі на целе літаральна, аднак сэнс, на ягоную думку, іншы.
«У Бібліі гаворыцца пра барацьбу паганства зь верай у адзінага Бога. Асноўная думка — не рабіць ніякіх выяваў ідалаў, каб не было ідалапаклонства. Не рабіць надрэзаў па памерлых», — кажа ён.
Па назіраньнях сужэнцаў, у ісламе зусім забаронена рабіць тату. У Харватыі, дзе шмат каталікоў, раней набівалі крыжы і іншыя рэлігійныя выявы на бачных частках рук. Гэта пайшло з часоў Асманскай імпэрыі, каб людзей нельга было перавесьці ў іншую рэлігію. Не забараняе тату копская царква. Амаль усе жыхары Індыі (за выключэньнем мусульман) маюць тату ў выглядзе іхных рэлігійных выяў.
Суразмоўца тлумачыць, што ня ўсім можна зрабіць тату з прычыны захворваньняў. Сьпіс супрацьпаказаньняў ёсьць у адкрытым доступе. Сярод іх — хваробы крыві, скуры, эпілепсія. Канчатковае рашэньне, рабіць або не рабіць тату, прымае не майстар, а кліент разам зь лекарам.
У Палінэзіі татуююць твары, а ў Японіі колюць вялізнай іголкай
Дзяржаўнай установы, дзе рыхтуюць майстроў тату, у Беларусі няма. Зь легальнага навучаньня ёсьць курсы ў Менску. Але спачатку любы адмысловец мусіць навучыцца маляваць на паперы — у мастацкай школе, каледжы, унівэрсытэце. Пасьля можна знайсьці настаўніка з майстроў, якія практыкуюць, або вучыцца паводле ролікаў на Youtube. Далей падвышаць кваліфікацыю можна на міжнародных зьездах — канвэнцыях або фэстывалях.
«Мы шмат езьдзім на тату-канвэнцыі ў розныя краіны. Туды зьяжджаюцца каля 400 майстроў з усяго сьвету. Ня ўсякага туды возьмуць. Кожны майстар цягам канвэнцыі працуе ў сваім боксе, робіць тату на жывым чалавеку, а пасьля выбіраюць пераможцу», — расказвае Іван.
На сьцяне ў студыі вісіць зь дзясятак узнагарод за прызавыя месцы на канвэнцыях у Львове, Кіеве, Варшаве, Клайпэдзе, Люксэмбургу.
На такіх сустрэчах ёсьць мажлівасьць пазнаёміцца са школамі тату ў іншых культурах. Мастак зь Японіі, напаўаголены, набівае малюнак вялікім кіем з іголкай на канцы. Побач сядзіць прадстаўнік Палінэзіі і трымае ў руках загнутую палачку, а другой коле тату. Тату на твары ў палінэзійцаў — як пашпарт, які адлюстроўвае жыцьцёвыя этапы.
«Каб зрабіць тату на твары ў нашай культуры, патрэбен сапраўдны мастацкі падыход. Гэта мусіць выглядаць цікава, культурна. Большасьць тату на твары выглядаюць, як глупства», — кажа Іван.
У амэрыканцаў і эўрапейцаў самая сучасная тэхніка з фарбамі. У Эўропе больш папулярнае чорнае тату, хаця каляровае зрабіць цяжэй. У Афрыцы, Акіяніі дагэтуль робяць надрэзы і ўціраюць пад скуру сажу або фарбу. У Азіі распаўсюджаныя маштабныя тату, напрыклад на ўсю сьпіну.
«Гэта ж не штаны, якія паносіш і выкінеш»
Сьвятлана набывае фарбы і абсталяваньне для татуяваньня часьцей за ўсё амэрыканскай вытворчасьці, бо яны самай лепшай якасьці. Іх прадаюць нават у Менску.
Іван кажа, што цяпер у Беларусі хапае няякасных паслуг. Каб іх пазьбегнуць, варта не спакушацца на нізкую цану і пашукаць водгукі аб працы майстра.
«Гэта ж не штаны, якія паносіш і выкінеш. Напрыклад, у мяне не было раней лішніх 200 рублёў, і я зрабіў танную кепскую тату. Цяпер я маю 200 рублёў і кепскую тату. Куды яе падзець?»
Мужчына сьцьвярджае, што падробкі ўрэшце выйдуць у 5-10 разоў даражэйшымі, чым калі б чалавек адразу пайшоў да добрага майстра. Старыя тату і наколкі можна выводзіць, але няма гарантыі, што атрымаецца. Усё індывідуальна.