Стан здароўя Паўла Грыба, якога Беларусь выдала Расеі, «небясьпечны». Пра гэта ў Facebook заявіў бацька арыштаванага Ігар Грыб.
«Па інфармацыі адваката, у Паўла вельмі змучаны выгляд, пастаянныя скаргі на боль у страўніку і жываце. Агульна дэпрэсіўны стан як вынік узмацненьня псыхалягічнага ціску з боку сьледзтва і адміністрацыі СІЗА. Няма ні лекаў, ні мінімальнага дыетычнага харчаваньня. Унутраны крывацёк можа адкрыцца ў любы час. Прафэсійных мэдыцынскіх спэцыялістаў па хваробе Паўла ў Краснадары няма. Аказаць мэдыцынскую дапамогу ніхто ня зможа. Кожны дзень у СІЗА можа быць апошнім для Паўла! Жыцьцё Паўла ў небясьпецы», — напісаў Ігар Грыб.
Ён дадаў, што 1 лютага Краснадарскі краявы суд разглядаў апэляцыю на рашэньне аб меры стрыманьня для Грыба.
«Адвакат пра судовае паседжаньне выпадкова дазналася за суткі. Усё было зроблена так, каб бацькі не пасьпелі прыехаць», — заявіў бацька Грыба.
Пра рашэньне Краснадарскага краявога суда ён не паведаміў.
15 сьнежня 2017 Ігар Грыб паведаміў Радыё Свабода, што суд у расейскім Краснадары падоўжыў арышт яго сыну да 4 сакавіка.
Паўло Грыб у жніўні 2017 зьнік у Гомлі, пазьней яго знайшлі ў СІЗА ў расейскім Краснадары. Яму інкрымінуюць зьдзяйсьненьне злачынства па артыкуле аб тэрарызьме.