Усё кіраўніцтва Фэдэрацыі спартовай гімнастыкі ЗША пайшло ў адстаўку ў выніку скандалу з доктарам-пэдафілам Лары Насарам, над якім зараз працягваецца судовы працэс.
Насар ужо сукупна атрымаў 175 гадоў турмы па некалькіх абвінавачваньнях, у тым ліку ў згвалтаваньнях, у дамаганьнях да непаўналетніх і захоўваньні дзіцячага порна. Аднак гэта, імаверна, не апошні прысуд, які яму будзе вынесены.
Падчас працэсу больш за сто жанчын выставілі абвінавачаньні супраць 54-гадовага Насара, некаторыя зь іх — алімпійскія чэмпіёнкі розных гадоў, напрыклад, Аляксандра (Элі) Райсман і Джорды Вібэр. 144 жанчыны далі паказаньні сьведак. І шмат хто казаў пра тое, што прадстаўнікі Фэдэрацыі гімнастыкі пакрывалі доктара і не зьвярталі ўвагі на скаргі, якія на яго паступалі, у тым ліку ад непаўналетніх гімнастак.
Таксама спартсмэнкі былі абураныя тым, што ніхто з прадстаўнікоў Фэдэрацыі так і не зьявіўся на працэсе і не прынёс прабачэньняў ахвярам Насара.
Першапачаткова ніхто з кіраўнікоў Фэдэрацыі не плянаваў сыходзіць у адстаўку. Аднак, па дадзеных Reuters, прадстаўнік Алімпійскага камітэта ЗША прыгразілі адклікаць у Фэдэрацыі ліцэнзіі. І толькі пасьля гэтага было прынята рашэньне аб адстаўцы ўсяго кіраўніцтва, якое ўваходзіць у Савет кіраўнікоў.
«Мы глядзім у будучыню і ў лютым сфармуем пераходны савет кіраўнікоў», — гаворыцца ў заяве Фэдэрацыі. Арганізацыя паабяцала выпусьціць афіцыйную заяву з нагоды Насара на працягу бліжэйшых дзён.
Насар быў вядомым спартыўным лекарам, да яго прыяжджалі пацыенты з усёй краінай. Ён пачаў працаваць з Фэдэрацыяй спартыўнай гімнастыкі ЗША ў 1986 годзе, а ў 1996 годзе ён стаў галоўным лекарам арганізацыі.