На перакананьне кіраўнікоў арганізацыі, галоўнай пагрозай мірным пераменам у Беларусі застаецца адсутнасьць альтэрнатывы ў грамадзка-палітычным жыцьці.
«За апошні месяц улады зрабілі шэраг крокаў, накіраваных на тое, каб спыніць мірныя перамены, — гаворыцца ў заяве. — Блякаваньне Міністэрствам інфармацыі незалежных сайтаў, нізкі працэнт уключэньня прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у выбарчыя камісіі, выпадкі адміністрацыйнага ціску на незалежных кандыдатаў і адмовы ім у рэгістрацыі — усё гэта пагаршае крызіс даверу грамадзтва да ўлады, стварае пагрозу мірным пераменам і разьвіцьцю Беларусі».
Гэтыя высновы «Гавары праўду» пацьвярджае на ўласным прыкладзе. Так, па ўсёй Беларусі ў склад выбарчых камісій рознага ўзроўню грамадзкае аб’яднаньне вылучыла больш за 70 чалавек, і толькі адзін прадстаўнік «Гавары праўду» стаў сябрам участковай камісіі — у Віцебску.
На пачатковым этапе каманда «Гавары праўду» са 169 чалавек зарэгістравала 182 ініцыятыўныя групы для збору подпісаў. Аднак у выніку пагрозаў і ціску па месцы працы, вучобы і пражываньня 39 чалавек, якія сабралі подпісы за сваё вылучэньне, адмовіліся падаваць дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі.
Са 130 актывістаў і прыхільнікаў «Гавары праўду», якія падалі дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі, толькі 103 атрымалі магчымасьць змагацца за галасы выбарнікаў. Толькі Аляксандру Камарову ў Менску і Галіне Пашкоўскай у Жлобіне «дазволілі» аднавіць свой кандыдацкі статус праз працэдуру абскарджаньня.
«У выніку гэтай безадказнай палітыкі мы маем сытуацыю, калі 18 лютага ў большасьці акруг у раённыя і сельскія саветы пройдуць безальтэрнатыўныя выбары, — адзначаецца ў заяве „Гавары праўду“. — На 18 111 дэпутацкіх месцаў сёньня зарэгістравана толькі 22 278 кандыдатаў. Пры гэтым усе безальтэрнатыўныя акругі прадстаўленыя вылучэнцамі ўлады. Гэта адна з найгоршых практык, пачынаючы ад часоў СССР».
Як лічаць кіраўнікі грамадзкага аб’яднаньня, безальтэрнатыўнасьць азначае адсутнасьць грамадзкіх дыскусій пра важныя пытаньні, зваротнай сувязі з грамадзтвам, разьвіцьця рэгіёнаў. Вынікам гэтага будзе прыняцьце недапрацаваных і памылковых рашэньняў, якія выклікаюць сацыяльныя канфлікты і пагражацьмуць бясьпецы ў краіне.
«Гавары праўду» пацьвярджае сваю прыхільнасьць дыялёгу і паўнавартаснаму ўдзелу грамадзян у палітычным жыцьці дзяржавы.
«Вельмі важна, каб у выніку выбараў 18 лютага на месцах зьявілася альтэрнатыва ў выглядзе дэпутатаў ад дэмакратычных сіл, а дзьверы саветаў дэпутатаў былі адкрытыя для людзей і сталі цэнтрамі грамадзкіх дыскусій, — падсумоўваецца ў заяве. — Цяперашні адкат назад і адсутнасьць альтэрнатывы ў мясцовых саветах стварае пагрозу мірным пераменам і павялічвае іншую рызыку — жорсткага супрацьстаяньня ўлады і грамадзтва, сур’ёзных сацыяльных і эканамічных узрушэньняў для Беларусі».
Кіраўнікі «Гавары праўду» нагадваюць, што цягам 2015-2016 гадоў намеціўся працэс лібэралізацыі грамадзка-палітычнага жыцьця краіны. Але цяпер спыняюцца нават гэтыя асьцярожныя крокі.