Кнігу «Час сэканд-хэнд» выдаў Радыёсэрвіс Чэскага радыё. Гэтая ж кніга ў перакладзе Паўлы Бошкавай (Doba z druhé ruky) застаецца самай прадаванай з прадукцыі чэскага выдавецтва Pistorius, якое адкрыла Алексіевіч чэхам яшчэ да прысуджэньня ёй Нобэлеўскай прэміі.
Чым кантэкст менавіта гэтай кнігі блізкі чэхам? «Гэта наймацнейшая заварка таго, што мы перажылі ў падобнай сыстэме і падобным часе»,— мяркуе рэжысэр аўдыёкнігі Алеш Врзак. Ён кажа, што кнігу Алексіевіч для пастаноўкі выбраў пасьля прысуджэньня аўтарцы Нобэлеўскай прэміі, але яе пісьменьніцкі стыль ацаніў яшчэ да таго. Ядро пастаноўкі складаюць сем гісторый колішніх савецкіх жанчын, якія агучваюць сем вядомых чэскіх акторак. Іх гераіні апавядаюць пра тое, як верылі ў камуністычную сыстэму, як у ёй жылі, змагаліся за яе і ў ёй пакутавалі ды пра тое, якія расчараваньні ім прынесла потым новая эра. Спавядальнасьць чытанага падкрэсьлівае музычнае суправаджэньне акардэону.
Адметны ўспамін аб працы з тэмай мае акторка Гэлена Дворжакава:
— Калі мы з рэжысэрам абмяркоўвалі гэтую кнігу пра жыцьцё савецкіх жанчын, я была цяжарная. Мне хацелася прачытаць яе цалкам, але Алеш Врзак мяне адгаварыў: гэта рэч добрая, але для цябе замоцная. Адкрый яе тады, калі ня будзеш цяжарная, ня будзеш карміць грудзямі і ня будзеш мець асаблівых жыцьцёвых праблем. Так што калі мой Енічак нарадзіўся, я пайшла і купіла гэтую кнігу. Таго часу да нас прыехалі мае бацькі, тата першы ўзяў ды прачытаў кнігу. І зноў мне кажа: слухай, пакуль ты свежасьпечаная мама, не чытай, табе сапраўды рана. Вось так кніга ў мяне ляжыць і чакае, калі прыйдзе яе час.
Так быў прэзэнтаваны чэскі пераклад «Час сэканд хэнд» Паўлы Бошкавай для намінацыі на прэмію чэскага літаратурнага конкурсу Magnesia Litera.
«Час сэканд хэнд» прызнаецца адным з наймацнейшых дакумэнтаў, які тлумачыць савецкую эпоху несавецкаму чалавеку за мяжой. Раней гісторыі пра «канец чырвонага чалавека» ужо зьявіліся ў англамоўнай вэрсіі, у тым ліку аўдыё:
Усе англамоўныя кнігі Алексіевіч на Amazon.com суправаджаюцца бясплатнай аўдыёвэрсіяй (аднак прыйдзецца закупіць спэцыяльную аплікацыю, каб слухаць). Паводле інфармацыі ад самой пісьменьніцы, бібліятэка яе выданьняў налічвае ўжо 270 друкаваных і 30 аўдыёкніг. Менавіта чэскае аўдыёвыданьне яна называе высокапрафэсійным. Дарэчы, на Чэскім радыё дагэтуль захоўваецца спэцыялізацыя «інтэрпрэтатар слова». Тут выдаюць каля 35 аўдыёкніг за год (прыблізна 3 за месяц), прычым палова аўтараў айчынных, палова замежных па-чэску. Аўдыёкнігу Алексіевіч можна набыць за 199 крон (крыху менш за 10 даляраў) або бясплатна слухаць урыўкі.
Your browser doesn’t support HTML5
Зінаіда Бандарэнка чытае Сьвятлану Алексіевіч.
Запіс кнігі «Час сэканд хэнд» быў зроблены і па-беларуску, у Менску. Начытала яе народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Абвяшчаўся збор папярэдніх замоў, аднак, як патлумачыў намесьнік дырэктара культурніцкай пляцоўкі Prastora.by Міхась Башура, наклад аўдыёдыскаў пакуль ня выдадзены. Паводле Башуры, для інтэрнэт-крамы продаж кніг увогуле стратны і цяпер заснавальнікі прадпрыемства разглядаюць магчымасьці як перафарматаваць сваю стратэгію.
Але, як запэўніў Міхась Башура, разам з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў яны плянуюць прыблізна ў сакавіку-красавіку зрабіць прэзэнтацыю абяцанага дыска.
Прэзэнтацыя чэскай вэрсіі кнігі, уключна з жывым чытаньнем, адбудзецца 12 лютага ў Кнігарні Вацлава Гаўла ў Празе.