30 студзеня адбудзецца візыт у Беларусь эўракамісара па пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэса Гана. Свабода запыталася ў экспэрта, чаго варта чакаць ад гэтага візыту.
Што ў праграме візыту?
Праграмай заплянаваная сустрэча Яганэса Гана зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Як паведамілі ў МЗС, бакі абмяркуюць узаемаадносіны Беларусі і Эўразьвязу, у тым ліку пэрспэктывы гандлёва-эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, узаемадзеяньне ў сфэры міжнароднай тэхнічнай дапамогі, умацаваньне палітычнага дыялёгу па лініі Беларусь — Эўрапейскі Зьвяз.
Ня выключана, што эўракамісар таксама сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Але афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма.
Чаму Ган цікавы беларускім уладам больш за любога іншага эўракамісара?
Эўрапейскі Зьвяз мае сваю выканаўчую ўладу — Эўрапейскую камісію. Яна нагадвае сабой урад, у якім 28 чалавек. Але называюць іх не міністрамі, а камісарамі.
Для Беларусі асоба эўракамісара па пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу мае асаблівае значэньне таму, што ён адказвае за праграму «Ўсходняе партнэрства», кажа Свабодзе кіраўнік Цэнтру эўрапейскіх трансфармацый Андрэй Ягораў.
«Адносіны з краінамі Ўсходняй Эўропы ўваходзяць у ягоную кампэтэнцыю. Фактычна ўсе палітычныя дачыненьні Брусэля зь Менскам курыруе ня толькі служба зьнешніх зносін, але і спадар Ган», — кажа палітоляг.
Чаму не атрымалася ў Фюле?
Да Яганэса Гана эўракамісарам быў чэх Штэфан Фюле. Менавіта ён прасоўваў «Усходняе партнэрства», робячы стаўку на гэтую праграму.
«Безумоўна, Фюле дамогся падвышэньня статусу праграмы. Празь ягоныя намаганьні эўрапейцы пачалі аддаваць болей увагі праблемам сваіх усходніх суседзяў. Фюле стаў уплывовай палітычнай фігурай. Ён здолеў замацаваць „Усходняе партнэрства“ як структуру эўрапейскай палітыкі. З таго часу праграма, няхай і з праблемамі (там заўжды былі праблемы), існуе і разьвіваецца», — кажа пра папярэдніка цяперашняга камісара Андрэй Ягораў.
Пры гэтым, паводле экспэрта, Фюле не ўдалося зрабіць «Усходняе партнэрства» трыюмфальнай праграмай Эўразьвязу.
«Ні Ўкраіна (пры Януковічу), ні Армэнія не падпісалі праграмы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Я думаю, што Фюле ня ўлічваў тагачасных настрояў у былых савецкіх рэспубліках. Ён недаацаніў антыэўрапейскія трэнды ў той жа Ўкраіне часоў Януковіча, недаацаніў дэструктыўную ролю Расеі, якая прымусіла цалкам разьвярнуцца з эўрапейскага курсу Армэнію. У выніку эўракамісар не атрымаў таго высокага палітычнага статусу, які мог бы мець, калі б „Усходняе партнэрства“ стала больш пасьпяховым», — кажа Ягораў.
Чым Ган не падобны да Фюле?
Андрэй Ягораў асабіста ведае абодвух камісараў і бачыць паміж імі істотную розьніцу. Паводле яго, Фюле быў выбітным сьпікерам і мог зачароўваць сваімі словамі публіку на розных імпрэзах, а Ган найперш займаецца чарнавой дыпляматычнай працай.
«У яго акцэнт — на прагматычныя дамоўленасьці, на палітычны торг. Я бачу, што ён скарыстоўвае такія рэчы, як паляпшэньне эканамічных умоваў для Беларусі (напрыклад, эўрабонды), доступ да эўрапейскіх фінансавых інструмэнтаў. І гэта тое, узамен на што афіцыйны Менск гатовы рабіць некаторыя крокі ў напрамку зьменаў. Менавіта ў гэтым, я думаю, і палягае ягоная стылістыка адносін з краінамі Ўсходняй Эўропы», — кажа палітоляг.
Што ў пэрспэктыве?
Кіраўнік Цэнтру эўрапейскіх трансфармацый зьвяртае ўвагу, што дагэтуль адносіны Беларусі з Эўразьвязам ня маюць фундамэнтальнай асновы. Яны базуюцца на дакумэнтах яшчэ з часоў Савецкага Саюзу.
«Гэты дакумэнт аб двухбаковай каапэрацыі, падпісаны яшчэ ў 1989 годзе. Бо шматбаковыя дачыненьні грунтуюцца на праграме „Ўсходняе партнэрства“. Безумоўна, гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца. Але тут ніяк не пераскочыш перамоўныя пытаньні па іншых праблемах, якія ўжо стаяць на парадку дня. Хіба з 2011 году Менск і Брусэль абмяркоўваюць спрашчэньне візавага рэжыму і рэадмісію. Пакуль гэтага ня вырашаць, ніяк не падпішаш фундамэнтальны дакумэнт», — кажа Андрэй Ягораў, дадаючы, што, на яго думку, у бакоў «няма ўзаемнага даверу і ўзгодненасьці пазыцый».
Раней Ган ужо быў у Беларусі
Яганэс Ган у рангу эўракамісара ўпершыню наведаў Менск 16–17 красавіка 2015 году.
Візыт праходзіў у рамках наведваньня ўсіх шасьці краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» напярэдадні саміту ў Рызе. Тады Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з эўракамісарам заявіў пра жаданьне перафарматаваць праграму «Ўсходняе партнэрства».
«Хацелася б, каб яно было адфарматавана з звычайнай палітыкі (напэўна, гэты этап ужо пройдзены, ён быў, можа, і неабходны) да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, заснаванага на вырашэньні эканамічных праблемаў», — цытавала кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.
У кастрычніку 2017 году Ган напярэдадні саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі таксама зьбіраўся наведаць Менск. Аднак з шэрагу прычын візыт быў адкладзены. А Ган сустрэўся зь беларускім прэм’ерам Андрэем Кабяковым у Люксэмбургу.