Асі Цэйтлін было 11 гадоў, калі прыйшлі немцы. Усю яе сям’ю сабралі і павялі на расстрэл, але дзяўчынцы ўдалося ўцячы.
Калі яна прыйшла на месца расстрэлу, то пабачыла, як «зямля дыхае». Там засталіся яе бацька, маці, адна зь сясьцёр — амаль уся сям’я. Чатыры гады пасьля гэтага Ася Цэйтлін хавалася ў лясах, у знаёмых, адзін раз нават зьбегла з арышту ад паліцаяў. «Вось і так засталася жыць. Цяпер страшна ўзгадваць», — падсумоўвае гісторыю свайго жыцьця 88-гадовая жанчына.
Сёньня, 27 студзеня, — Міжнародны дзень ахвяраў Галакосту. У Другую ўсясьветную вайну гітлераўцы зьнішчылі 6 мільёнаў габрэяў. У Беларусі, паводле дасьледчыкаў, было забіта ад 75 да 80 працэнтаў габрэйскага насельніцтва. Ацэнкі колькасьці зьнішчаных габрэяў вагаюцца ад 600 да 800 тысяч.