«Жанчына таксама чалавек». Гэтай фразай пачынаецца анатацыя да кнігі «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай». Яе аўтар — польскі пісьменьнік, публіцыст, тэле- і радыёэкспэрт у галіне гісторыі Славамір Копер.
На старонках кнігі, перакладзенай на беларускую мову (перакладчыцы —сёстры Галіна і Ірына Пальлянавы) і нядаўна выпушчанай у сьвет выдавецтвам «Галіяфы», ён паказвае цікавыя жыцьцяпісы жанчын, лёс якіх зьвязаны з найважнейшымі палітычнымі, сацыяльнымі і культурнымі падзеямі Польшчы першай паловы ХХ стагодзьдзя.
Кніга выйшла пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі. У прадмове да выданьня амбасадар Конрад Паўлік піша:
«Мне здаецца сымбалічным, што кніга Славаміра Копера „Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай“ у рамках сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Польшчы выходзіць у перакладзе на беларускую мову ў краіне, дзе відавочна зьмянілася роля жанчын у грамадзтве. Іх удзел ня толькі ў культуры і мастацтве, але і ў палітыцы, эканоміцы, фінансавай сфэры, безумоўна, уплывае на сам уклад жыцьця і функцыянаваньне дзяржавы».
Погляд аўтара кнігі на жаночыя справы і праблемы крыху іранічны, але ён інтрыгуе, захапляе, прымушае чытача шукаць дадатковую інфармацыю і паглыбляць свае веды пра тую ці іншую гераіню. Ці то выдатныя польскія пісьменьніцы Зоф’я Налкоўская і Марыя Дамброўская, мастачкі Зоф’я Стрыенская і Марыя Дулембянка, ці то вядомыя палітычныя дзяячкі Арыя Пілсудзкая, Ванда Крахельская і Міхаліна Масьціцкая, фэміністкі Ізабэла Машчэнская і Марыя Морская — у кожнай са сваіх гераінь аўтар знаходзіць непаўторную асобу і шматколерны вобраз.
У пэрыяд, рамкамі якога пазначаныя падзеі кнігі Славаміра Копера, у склад польскай дзяржавы ўваходзілі землі Заходняй Беларусі. І таму беларускіх чытачоў асабліва зацікавяць тыя старонкі, якія апавядаюць пра асобаў, зьвязаных зь Беларусьсю. Найперш, напэўна, заінтрыгуе жыцьцяпіс Кацярыны Кобры (польск. Katarzyna Kobro; рас. Екатерина Николаевна Кобро), польскай выдатнай скульптаркі, прадстаўніцы авангарднага мастацтва.
Яна не была ні беларускай, ні полькай. Народжаная ў Маскве ў сям’і расіянкі і немца, яна стала жонкай славутага мастака зь Менску Уладзіслава Страмінскага (у кнізе яго прозьвішча пададзена як Стшэмінскі). Пасьля кастрычніцкага перавароту яны нейкі час жылі ў Менску, Бабруйску, Смаленску, Вільні, Вялейцы. Прычым, у Вялейцы двойчы: у 1923-1924 і ў 1939-1940 гадах. Пра тое, якія жахі давялося зьведаць тут Кацярыне Кобры ў другі раз, расказала ў сваіх успамінах дачка Ніка. Яна, дарэчы, прыяжджала з Польшчы ў Вялейку ў 1994 годзе.
Славамір Копер піша пра Кацярыну Кобру як пра жанчыну, якой выпала быць ня проста жонкай слыннага мастака, а фактычнай ягонай нянькай, бо Страмінскі быў моцна пакалечаны, ня меў левай рукі і правай нагі. Жонцы часта трэба было забыцца на свае творчыя памкненьні, але яна ўсё ж здолела праявіць свой талент і стаць, ужо пасьмяротна, належным чынам прызнанай скульптаркай-наватаркай.
На вокладцы кнігі стаіць пазнака 18+. Зьміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва «Галіяфы», у якім выйшла кніга, кажа, што ўзроставыя абмежаваньні для чытачоў уведзеныя праз шматлікія падрабязнасьці жыцьця гераінь кнігі. Што, безумоўна, выклікае дадатковую інтрыгу да выданьня, аўтар якога мае намер удзельнічаць у Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў 2018 годзе.