26 студзеня Кастрычніцкі раённы суд Віцебску прысудзіў стваральніку незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня «За сумленную ўладу» Пятру Іванову штраф памерам 85 базавых велічынь (2082,5 рубля) за тое, што ён нібыта гвалтам выгнаў судовую выканаўцу са свайго дому.
Іваноў знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА з 11 кастрычніка 2017 году. Падчас судовага працэсу актывіст распавёў пра неаднаразовыя факты зьбіваньня ды іншых гвалтоўных дзеяньняў з боку супрацоўнікаў СІЗА.
Актывіст не прызнаў сябе вінаватым
Пётар Іваноў — расейскі грамадзянін, але ўжо шмат гадоў жыве ў Віцебску. Яго ня раз вінавацілі ў адміністрацыйных парушэньнях — затрымлівалі за распаўсюд улётак, «лаянку матам» і паклёпніцтва на супрацоўнікаў міліцыі. Абласная пракуратура выносіла яму афіцыйнае папярэджаньне «за звароты, якія зьмяшчаюць абразьлівыя словы і выразы ў адрас адказных асобаў дзяржаўных органаў», некалькі разоў яму пагражалі дэпартацыяй.
Апошняя крымінальная справа паводле 1 часткі арт. 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) была распачатая супраць яго з ініцыятывы судовай выканаўцы Кацярыны Прыгажаевай, якую ён нібыта гвалтам выгнаў са свайго дому.
Гэтага інцыдэнту актывіст не аспрэчваў, але цьвердзіў, што гвалту не было і што падзеі разьвіваліся так.
26 студзеня судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ігар Стэфаноўскі прысудзіў Іванову штраф памерам 85 базавых велічынь (2082,5 рубля) — амаль у чатыры разы меней, чым першапачаткова патрабавала абвінавачваньне.
«Супрацоўнікі ізалятару мяне зьбівалі, прыгаворваючы: «Будзеш поўзаць на каленях і казаць „Я люблю СІЗА-2“»
Прысуд Пётар Іваноў слухаў седзячы, як і даваў паказаньні падчас разгляду. Бо яшчэ ў першы дзень працэсу, 15 студзеня заявіў, што ў СІЗА № 2 яго тройчы зьбівалі і яму баляць ногі. Таксама ён заявіў, што супрацоўнікі СІЗА ігнаруюць ягоныя патрабаваньні наконт прызначэньня мэдэкспертызы, і што яшчэ 9 студзеня ён накіраваў заяву аб катаваньнях у пракуратуру, але ня ўпэўнены, што яна выйшла за сьцены спэцустановы.
Апроч фізычнага, сьцьвярджае Іваноў, над ім сыстэматычна чынілі псыхалягічны гвалт. Супрацоўнікі сьледчага ізалятару нібыта пагражалі яму згвалтаваньнем, дэманструючы міліцэйскі дручок, і казалі, што прымусяць «поўзаць на каленях і гаварыць: «Я люблю СІЗА-2».
Спадар Іваноў заявіў падчас працэсу, што зьбівалі яго да такой ступені, што ён ня мог знаёміцца з матэрыяламі справы. Суд даў яму дадатковы час для гэтага, а таксама выклікаў мэдыкаў-экспэртаў. Але на той момант цялесныя пашкоджаньні сталі менш відавочнымі, і адмыслоўцы паведамілі, што ня могуць зрабіць ніякіх канкрэтных высноваў.
Абскарджваць прысуд бессэнсоўна, а факты гвалту ў СІЗА — неабходна
Пасьля абвяшчэньня выраку Пятра Іванова вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Паводле яго, абскарджваць прысуд бессэнсоўна.
«Ціск на мяне мае палітычныя прычыны, бо я катэгарычна і адкрыта выказваюся пра цяперашняе кіраўніцтва краіны. Сытуацыя з судовай выканаўцай — гэта тыповая правакацыя: яна прыйшла ў цывільным адзеньні, не назвалася, а калі я пачаў пратэставаць супраць вопісу маёмасьці, нават выкарыстоўвала нецэнзурныя выразы, што зафіксавана ў запісе яе тэлефанаваньня ў міліцыю», — гаворыць актывіст.
Што да фактаў гвалту ў СІЗА, то гэта спадар Іваноў не зьбіраецца пакідаць беспакараным. Праваабаронца Павал Левінаў ужо накіраваў тэрміновае паведамленьне спэцдакладчыку ААН у пытаньнях катаваньняў у сувязі з заявамі, якія зрабіў падчас судовых паседжаньняў актывіст Пётар Іваноў.
«На жаль, зьбіваньне падсьледных у віцебскім СІЗА ўжо не навіна для праваабаронцаў», — кажа Левінаў. Праваабаронца лічыць неабходным давесьці справу з заявамі Пятра Іванова пра катаваньні ў віцебскім СІЗА да лягічнага завяршэньня — каб вінаватых пакаралі.