Старшыня Буда-Кашалёўскага раённага суду Ўладзімер Пракапенка на падставе двух адміністрацыйных пратаколаў аштрафаваў гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага за інтэрвію з жыхарамі вёсак Бушаўка і Кашалёва. Сума спагнаньня — 1127 рублёў, ці блізу 600 даляраў.
«Магу цяпер сьмела казаць, што дэкляраваныя кіраўніком дзяржавы „пяцьсот“ у студзені я атрымаў, нават з гакам, — іранізуе Кастусь Жукоўскі. — Пра суд ня ведаў. Пастанову пра штраф ад 18 студзеня забраў з пэрсанальнай ячэйкі на пошце. Там жа ляжала і дасланая позва, SMS-паведамленьне гэтым разам на мабільнік чамусьці не дасылалі».
Суразмоўца дадае, што міліцэйскія пратаколы, дасланыя з Буда-Кашалёўскага РАУС, вартыя сатырычнага часопісу «Вожык».
Так, малодшы сяржант міліцыі Алег Маркаў у пратаколе піша:
«21 лістапада Жукоўскі быў у вёсцы Бушаўка і, ня маючы адпаведнай акрэдытацыі МЗС Беларусі «на ажыцьцяўленьне журналісцкай дзейнасьці, незаконна праводзіў інтэрвіюяваньне жыхароў, тым самым незаконна ўдзельнічаў у вырабе прадуктаў сродкаў масавай інфармацыі».
Названы і сам «прадукт»: «Марафэт перад прыездам Лукашэнкі скончыўся трагедыяй». У ім ішла размова пра надзвычайнае здарэньне, калі з даху фэрмы ў Бушаўцы ўпаў і разьбіўся насьмерць рабочы Гомельскага хімзаводу — чысьціў дах да прыезду ў вёску кіраўніка дзяржавы.
У другім адміністрацыйным пратаколе, які склаў малодшы ўчастковы інспэктар Яўген Шумілаў, пазначана: 5 сьнежня Жукоўскі быў у вёсцы Кашалёва і, ня маючы акрэдытацыі беларускага МЗС «на вытворчасьць журналісцкай дзейнасьці, незаконна ўдзельнічаў у вырабе прадуктаў сродкаў масавай інфармацыі».
«Прадукт» пад назвай «Саўгас пасеяў ураджай на балоце. Цяпер ня можа сабраць» паказаны 6 сьнежня ў праграме «Аб’ектыў» на тэлеканале «Белсат».
І хоць сюжэт мае аўтара (Вольга Жарнасек), вінаватым застаўся фрылансэр Кастусь Жукоўскі, паколькі ягоныя відэаздымкі, разьмешчаныя на YouTube, скарыстаў спадарожнікавы тэлеканал.
Судзьдзя Пракапенка вызначыў, што за кожны эпізод журналіста трэба аштрафаваць на 30 базавых велічыняў, але праз частковае складваньне пакараньняў канчатковая сума стала 46 базавых велічыняў, што адпавядае 1127 рублям.
Сёлета гэта ўжо другі штраф Кастусю Жукоўскаму, памер якога перавышае тысячу рублёў.
За мінулы год гамельчука 11 разоў каралі штрафамі за выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат». Сума адміністрацыйных штрафаў склала блізу 10 тысяч рублёў.