Беларускі дызайнэр, графік, фатограф, паэт і перакладчык, аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў памёр ва ўзросьце 53 гадоў 23 студзеня 2018 году. Яго пахаваюць на Чыжоўскіх могілках у Менску.
Дзясяткі чалавек прыйшлі разьвітацца зь Міхалам Анемпадыставым. Цырымонія адбываецца ў прасторы «ОК 16». Ланцуг людзей з кветкамі, якія ідуць апошні раз пабачыць мастака і паэта, цягнецца па ўсёй вуліцы Кастрычніцкай.
За сваё насычанае творчае жыцьцё Міхал Анемпадыстаў зрабіў знакавы ўнёсак у беларускую культуру. Яго прыйшлі ўшанаваць літаратары і палітыкі, мастакі і музыкі, грамадзкія дзеячы і журналісты.
У Менску разьвітваюцца зь Міхалам Анемпадыставым. Фотагалерэя
Разьвітаньне адбываецца ціха і ўрачыста. Амаль кожнага вітае ўдава Міхала Алена Дашкевіч. Каля труны — ягоны бацька спадар Уладзімер.
Апошнія гады дзейнасьць Міхала Анемпадыстава была шчыльна зьвязаная з плятформай «Лятучы ўнівэрсытэт».
«За чатыры дні ён напісаў нам „Думаю, нам трэба расправіць крылы“», — кажа каардынатарка «Лятучага» сацыёляг Тацьцяна Вадалажская.
На вялікім экране мяняюцца фатаздымкі Міхала Анемпадыстава, зробленыя ў розныя часы і ў розных абставінах. Шмат на якіх Міхал шчыра сьмяецца. У адзін момант гучыць песьня «Простыя словы», тэкст якой напісаў Міхал Анемпадыстаў.
Разьвітаньне і грамадзянская паніхіда ў менскай прасторы «ОК-16» працягнуцца да 14.00.
Крэмацыя адбудзецца на Паўночных могілках у 15.30. Пахаваюць Міхала на Чыжоўскіх могілках.