Калёны ў памяць прыняцьця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 году на тэрыторыі Беларусі захаваліся, нягледзячы на акупацыі і войны. Яны знаходзяцца ў розным стане, ад занядбанага да даволі дагледжанага. Сёлета пачынаецца рэстаўрацыя такога помніка на ўсходзе краіны — калёны ў вёсцы Лявонапаль Мёрскага раёну.
У выдавецтве «Галіяфы» выйшла кніга Эльжбеты Інеўскай «Калёны славы ў гонар Канстытуцыі 3 траўня».
Эльжбета Інеўская — другі сакратар амбасады Польшчы ў Менску, якая адказвае за культурныя сувязі. Разам з калегамі яна знайшла, сфатаграфавала і апісала 16 калён-помнікаў у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 года, якія зьберагліся на беларускай тэрыторыі. Усяго на землях сучаснай Беларусі захавалася 16 такіх помнікаў з 300, што паставілі ва ўсёй Рэчы Паспалітай неўзабаве пасьля ўхваленьня Канстытуцыі 3 траўня.
Гэта ўнікальныя аб’екты, яны былі сьведчаньнем патрыятызму продкаў беларусаў, палякаў і літоўцаў, іх імкненьня да аднаўленьня незалежнасьці сваёй радзімы, вызваленьня ад ціску ад агрэсара, якім тады была Расейская імпэрыя.
Гэтыя помнікі паўсталі як знакі ўшанаваньня Асноўнага закону супольнай дзяржавы палякаў і беларусаў, якія імкнуліся вярнуць Рэчы Паспалітай былую веліч, кажа аўтарка кнігі Эльжбета Інеўская.
«Пакуль мы ня ведаем, колькі ўсяго было такіх калёнаў, але мы знайшлі каля 20 зь іх на тэрыторыі Беларусі, некаторыя захаваліся ў добрым стане, ад некаторых ужо і сьлядоў мала. Але я спадзяюся, што мы знойдзем яшчэ болей такіх помнікаў, я ўпэўненая, што яны ёсьць, можа, цяперашнія людзі пра іх ня ведаюць. Іх гісторыя была ўтоеная, бо было небясьпечна казаць пра іх, што гэта помнікі Рэчы Паспалітай», — сказала пані Інеўская ў інтэрвію Свабодзе.
Ёсьць і патрэба, і магчымасьць адрэстаўраваць гэтыя помнікі, зазначыла пані Інеўская, і тут самае галоўнае — знайсьці спонсараў, а таксама падтрымку мясцовых уладаў і насельніцтва.
«Патрэбна жаданьне ўсіх, каб іх аднавіць, гэтыя помнікі, і мы цяпер праводзім рэстаўрацыю адной з калёнаў, што ў вёсцы Лявонапаль Мёрскага раёну. Каб яе аднавіць, ужо ёсьць грошы і адпаведны праект. Гэта будзе першы наш прыклад аднаўленьня Калёны Славы ў Беларусі».
Тым часам у вёсцы Вістычы Берасьцейскага раёну Калёна Славы ў гонар Канстытуцыі 3 траўня ўжо адрэстаўраваная намаганьнямі мясцовых уладаў і жыхароў і застаецца ў добрым стане.
Помнікі Канстытуцыі Рэчы Паспалітай захаваліся ў Глыбокім, у Антопалі і Безьдзежы Драгічынскага раёну, у Скоках Берасьцейскага, у Жырмунах Воранаўскага раёну і ў іншых мясьцінах. Фундавалі ўзьвядзеньне гэтых помнікаў прадстаўнікі родаў Нямцэвічаў, Радзівілаў, Сапегаў, Ягмінаў. Цяпер большасьць гэтых помнікаў, якія зьберагліся, не знаходзяцца пад аховай беларускай дзяржавы.
Былы міністар замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка назваў праект Эльжбеты Інеўскай каштоўнай навуковай працай, цікавай, грунтоўнай і своечасовай. А беларуска-польскі культурны дыялёг, які разьвіваецца апошнім часам, спадар Краўчанка лічыць вельмі важным:
«Мы паступова пераадольваем супярэчнасьці, выцягваем гістарычныя стрэмкі, якія ўскладнялі нашы адносіны».
Удзельнікі прэзэнтацыі назвалі сымбалічным тое, што неўзабаве паўстане першы ў Беларусі «народны помнік» Тадэвушу Касьцюшку на радзіме героя Польшчы і Беларусі ў Марачоўшчыне ля Косава, а таксама тое, што сёлета будуць адзначацца два юбілеі — 100 гадоў абвяшчэньня незалежнасьці БНР і 100 гадоў аднаўленьня Польскай дзяржавы. Канстытуцыя 3 траўня 1791 году і помнікі ў яе гонар, — сьведчаньне агульнай гісторыі двух народаў, заявіў на імпрэзе польскі амбасадар Конрад Паўлік.