5 фактаў пра фільм «Сьмерць Сталіна», забаронены ў Беларусі і Расеі

Сцэна зь фільму «Сьмерць Сталіна»

У Менску забаранілі папярэдні продаж квіткоў на сатырычны француска-брытанскі фільм «Сьмерць Сталіна». Напярэдадні стала вядома пра адмену паказу гэтага фільму ў Расеі.

Сусьветная прэмʼера кінакарціны адбылася ў верасьні 2017 году. Яе сюжэт засяроджаны на гонцы за ўладу ў СССР пасьля сьмерці Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе. Вось пяць фактаў пра фільм, у якім пабачылі «прызнакі экстрэмізму»

Рэклямны плякат фільму «Сьмерць Сталіна»

1. Сам рэжысэр кажа пра сваю павагу да гісторыі СССР

Брытанскі рэжысэр Арманда Янучы сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што з павагай ставіцца да гістарычнага пэрыяду, пра які распавядае ягоны фільм:

«Мы правялі вялікую падрыхтоўчую працу для здымак фільму, мы гутарылі з экспэртамі, чыталі архівы і кансультаваліся з гісторыкамі. Мы распытвалі расейцаў, якія вырасьлі ў часы Сталіна, пра тое, што тады адбывалася. Мы з павагай ставімся да той гісторыі Савецкага Саюза і да таго, што адбывалася ў 1950-я гады, і мы не хаваем гэтага ў фільме. Паводле водгукаў расейцаў, якія глядзелі фільм — ён атрымаўся вельмі сьмешным і вельмі праўдзівым», — сказаў рэжысэр падчас кінафэстывалю Sundance ў ЗША.

2. Фільм атрымаў высокія ацэнкі крытыкаў

На сайце-агрэгатары Rotten Tomatoes фільм атрымаў рэйтынг 97% і адзнаку 8.3/10 паводле 65 рэцэнзіяў. На сайце Metacritic на аснове 13 рэцэнзіяў «Сьмерць Сталіна» мае 88 пунктаў з магчымых 100, што значыць «усеагульнае прызнаньне». Пітэр Брэдшаў у брытанскім выданьні The Guardian назваў фільм Янучы «выдатнай сатырай-жахам».

Сцэна зь фільму «Сьмерць Сталіна»

​3. Хрушчова грае любімец Таранціна і братоў Коэнаў

Ролю савецкага лідэра Мікіты Хрушчова ў фільме «Сьмерць Сталіна» атрымаў амэрыканскі актор Стыў Бушэмі, вядомы сваімі ролямі ў крымінальных тэлесэрыяялах, а таксама працай з такімі рэжысэрамі як Квэнцін Таранціна і братамі Джоэлам ды Ітанам Коэнам. Магчыма, некаму ў Расеі не спадабалася, што гледачы змогуць параўнаць савецкае кіраўніцтва з кампаніяй рабаўнікоў з фільма Таранціна «Шалёныя сабакі», дзе Бушэмі граў Містэра Ружовага.

Зьлева направа — Джэйсан Айзэкс, Арманда Янучы, Андрэа Райзбара і Стыў Бушэмі на прэм’еры «Сьмерці Сталіна» на міжнародным кінафэстывалі ў Таронта 2017

4. У Расеі фільм палічылі непажаданым у сувязі з выбарамі прэзыдэнта

У Расеі пракатнае пасьведчаньне фільма скасавалі пасьля таго як група юрыстаў Міністэрства культуры пабачыла ў карціне прыкметы экстрэмізму. Чалец грамадзкай рады пры расейскім Мінкульце Павел Пажыгайла сказаў агенцтву РБК, што ў фільме «маршал Жукаў малюецца прыдуркам», а выхад «абразьлівай для вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны» карціны не павінен супадаць са сьвяткаваньнем 75-й гадавіны заканчэньня Сталінградскай бітвы. Пажыгайла таксама сказаў, што выхад «Сьмерці Сталіна» непажаданы напярэдадні выбараў прэзыдэнта Расеі.

Рада папрасіла генэральнага пракурора Расеі Юрыя Чайку праверыць фільм "Сьмерць Сталіна" на наяўнасьць прыкмет экстрэмізму.

5. У Беларусі прэм’еру скасавалі, паглядзеўшы на расейскі прыклад

Паказ «Сьмерці Сталіна» быў заплянаваны ў Менску 25 і 26 студзеня ў камэрцыйных кінатэатрах Falcon Club Буцік кіно і Silver Screen у гандлёвым цэнтры «Дана Мол». Але папярэдні продаж квіткоў на фільм часова прыпынілі. Дырэктарка па рэпэртуарным плянаваньні сеткі Silver Screen Настасься Гурына расказала Свабодзе:

«Пакуль пытаньне "падвісла", і ўжо ёсьць інфармацыя, што наша Міністэрства культуры хоча папярэдне паглядзець фільм, каб прыняць рашэньне. І мы з пракатчыкам менавіта цяпер тэрмінова вырашаем, як стужку запісаць і паказаць экспэртам. Яны будуць вырашаць, дазволіць ці не дазволіць выстаўляць фільм у пракат. Але папярэдне нам ужо забаранілі прадаваць квіткі. Так было і ў Расеі: яго спачатку дазволілі, але за два дні адклікалі пракатнае пасьведчаньне. Выглядае, што ў Беларусі фільм таксама забароняць».

Партрэт Сталіна ў Менску 7 лістапада 2014 году