Прысуд аўтарам «Рэгнуму» абвесьцяць 2 лютага

Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка на лаве падсудных

Прысуд аўтарам сайту Regnum будзе агалошаны 2 лютага а 14-й гадзіне.

Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку абвінавачваюць паводле 1-й часткі артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу — распальваньне ў складзе групы варожасьці паводле нацыянальнай прыналежнасьці.

Пракурор Аляксандар Кароль запатрабаваў пакараць падсудных 5 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады.

Сёньня яны выступілі з апошнім словам

Дзьмітры Алімкін: У Беларусі адбываюцца брыдкія рэчы

Дзьмітры Алімкін

У сваім апошнім слове Дзьмітры Алімкін не пагадзіўся, што сваімі артыкуламі распальваў міжнацыянальную варожасьць.

Паводле Алімкіна, у краіне адбываюцца «брыдкія рэчы», пра якія ён хацеў паведаміць чытачам сваіх тэкстаў. Пры гэтым для яго галоўным было не зарабіць грошай, а падзяліцца сваёй трывогай наконт працэсаў, якія адбываюцца ў краіне.

«Наадварот, там барацьба з распальваньнем нацыянальнай варожасьці», — заявіў Алімкін пра свае тэксты.

«Нам вырашылі заткнуць рот», — сказаў Алімкін пра тых, хто ініцыяваў завядзеньне супроць аўтараў «Рэгнум» крымінальнай справы.

Ён мяркуе, што ў гэтых ініцыятараў атрымалася «крыху інакш», чым ім хацелася: артыкулы падсудных у «Рэгнуме» «цяпер прачыталі ўсе».

«Але ўсё роўна мы ўжо 14 месяцаў палітзьняволеныя».

Дзьмітры Алімкін не прызнаў сябе ні ў чым вінаватым. Яго выступ быў самым кароткім — каля 10 хвілін.

Юры Паўлавец: Ня супраць беларусізацыі, але супраць таго, як яна праводзіцца

Юры Паўлавец

Паводле падсуднага Паўлаўца, працэс над аўтарамі «Рэгнум» ператварыўся ў «праблему для дзяржавы», а ня толькі для экспэртнай супольнасьці.

Экспэртаў з рэспубліканскай экспэртнай камісіі пры Мінінфармацыі Юры Паўлавец назваў непісьменнымі.

На думку Паўлаўца, ягоныя заўвагі пра тое, што беларуская мова амаль не ўжываецца, — гэта не распальваньне нацыянальнай варожасьці. Ён нагадаў суду свае словы, што «беларуская мова стала прыкметай самаідэнтыфікацыі». Неўзабаве ў сваёй прамове Паўлавец перайшоў на беларускую мову, каб паказаць, што валодае ёй добра. Сказаўшы некалькі беларускіх словаў, Паўлавец зноў загаварыў па-расейску.

Ён нагадаў, што за 90-я гады мінулага стагодзьдзя на 16% стала меней беларусаў, якія лічаць беларускую мову роднай — спаслаўся на дадзеныя перапісу. Лічыць, што гэтых беларускамоўных людзей «страцілі» па віне беларускай дзяржавы. «І пасьля гэтага гэтыя людзі абвінавачваюць мяне ў тым, што я распальваю нацыянальную варожасьць?» — абурыўся Паўлавец.

Таксама ён заявіў, што ніколі не лічыў беларусізацыю дрэннай зьявай, але ў яго ёсьць прэтэнзіі да таго, як яна праводзіцца.

Паўлавец папрасіў суд разгледзець справу «дастаткова абʼектыўна» і вярнуць яму маёмасьць, у тым ліку кампутарны вінчэстэр, на якім «усё жыцьцё».

Юры Паўлавец гаварыў 30 хвілін.

Сяргей Шыптэнка: Гатовы і далей сядзець за «русский мир»

Сяргей Шыптэнка

Рэдактар часопіса «Новая экономика» Сяргей Шыптэнка адразу заявіў пра палітычны характар справы і сказаў, што яна яшчэ «будзе вывучацца экспэртамі».

Сябе і калегаў па лаве падсудных Шыптэнка назваў «рэспэктабэльнымі» людзьмі, а свой асабісты ўзровень адукацыі параўнаў з Карлам Марксам.

Шыптэнка заявіў суду, што ягоныя палітычныя погляды за час працэсу не зьмяніліся, ён гатовы яшчэ цярпець і сядзець у турме за «русский мир», але лічыць, што раскол і супрацьстаяньне беларускаму грамадзтву не патрэбныя.

Сказаў, што раўняецца на эўрапейскую палітычную культуру, у якой дамінуе дыялёг як сродак вырашэньня праблемаў. Але гэты дыялёг можа не атрымацца з прычыны больш нізкага прафэсійнага і культурнага ўзроўню апанэнтаў, да якіх Шыптэнка аднёс экспэртаў, сьледчых, прадстаўнікоў Беларускай тэлевізіі і недзяржаўных дэмакратычных мэдый.

Віны ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці ён не прызнаў.

«Толькі прызнаю, што крытыкаваў замаруджваньне саюзнага будаўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй. Мушу таксама канстатаваць, што гэтая крымінальная справа абʼяднала прыхільнікаў гэтага будаўніцтва».

Ад суду Сяргей Шыптэнка нічога не прасіў. Ягонае апошняе слова цягнулася больш за паўтары гадзіны.