«Давайце бяз акцый!» НАК Беларусі больш ня будзе «ўздымаць сьцягі» ў падтрымку Расеі

Адзін з узораў формы нацыянальнай зборнай Беларусі

Мінспорту адмовілася ад мэдалёвага плянаваньня

У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэту агучылі канчатковы склад беларускай дэлегацыі на маючых адбыцца Гульнях-2018 у Пхёнчхане і прадэманстравалі камплекты параднай і спартовай формы.

Гэта будзе сёмая па ліку зімовая Алімпіяда для беларускай зборнай. Дэбютавала Беларусь самастойнай камандай пад бел-чырвона-белым сьцягам у нарвэскім Лілехамэры ў 1994 годзе.

За гэты час узнагароды здабывалі прадстаўнікі толькі трох відаў — біятлёну, фрыстайлу і канькабежнага спорту. Усяго было заваявана паўтара дзясятка мэдалёў: 6 залатых, 4 срэбныя і 5 бронзавых.

Міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко

Як расказаў міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко, у паўднёвакрэйскім Пхёнчхане беларусы возьмуць удзел у шасьці відах спорту, заваявана 28 алімпійскіх ліцэнзій. Гендэрны склад практычна роўны — 15 мужчын і 13 жанчын.

Самая шматлікая каманда ў біятляністаў — 10 спартоўцаў на чале з трыюмфатаркай папярэдніх Гульняў у Сочы Дар’яй Домрачавай, дзе яна стала трохразовай чэмпіёнкай. Далей ідуць прадстаўнікі лыжных гонак (7) і фрыстайлу (6). Найменей беларусаў у гарналыжных дысцыплінах (2), канькабежным спорце (2) і ў шорт-трэку (1).

Найбольшы ўзрост сярод беларускіх спартоўцаў мае 44-гадовы лыжнік Сяргей Далідовіч, для яго гэта будзе сёмая Алімпіяда.

Шэф беларускай алімпійскай місіі Аляксандар Баравуля і прадстаўніца спонсара Тацяна Сідарэня

Паводле Шамко, ад мэдальнага плянаваньня ведамства адмовілася — маўляў, каб ня ціснуць на атлетаў псыхалягічна. Ці ўдасца замахнуцца на паўтарэньне вынікаў Сочы, адкуль удалося прывезьці пяць залатых мэдалёў і замацавацца на восьмай пазыцыі ў агульным заліку, чыноўнік прагназаваць не рызыкнуў, але спадзяецца, што сорамна ня будзе.

Журналістаў цікавіла, як Нацыянальны алімпійскі камітэт адрэагаваў на санкцыі ў дачыненьні зборнай Расеі, якую абвінавачваюць у допінгавай праграме, і ці будуць нейкія акцыі салідарнасьці.

Першы віцэ-прэзыдэнт НАК Андрэй Асташэвіч сказаў, што Беларусь ня кіне братэрскую краіну, але «ніякіх публічных акцый ня будзе». Ён недвухсэнсоўна заявіў, што спорт мусіць быць «чыстым і без палітыкі». «Давайце бяз акцый!» — канстатаваў ён.

Першы віцэ-прэзыдэнт НАК Андрэй Асташэвіч (справа)

Падчас Паралімпійскіх гульняў-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра беларускі спартовы функцыянэр Андрэй Фомачкін падтрымаў расейскіх спартоўцаў, узьняўшы расейскі сьцяг падчас цырымоніі адкрыцьця спаборніцтваў. Адметна, што ў той час Асташэвіч кіраваў Рэспубліканскім цэнтрам падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы», а пасьля бразыльскага дэмаршу ягоную пасаду заняў Фомачкін.

Талісманам нацыянальнай зборнай стане нехта Агрык

Першая група, адказная за арганізацыю побыту беларускай зборнай, адляціць у Паўднёвую Карэю 27 студзеня. Спартоўцы пачнуць выпраўляцца 1 лютага, спачатку — біятляністы. У той жа дзень у Пхёнчхане афіцыйна адкрыецца Алімпійская вёска. Узьняцьце беларускага сьцягу заплянавана на 7 лютага.

Асьвятляць спаборніцтвы зьбіраецца вялікая каманда Беларускага тэлебачаньня — амаль тры дзясяткі тэхнічных супрацоўнікаў і камэнтатараў. Яшчэ 7 чалавек — гэта журналісты і фатографы дзяржаўных мэдыяў, за выключэньнем газэты «Прессбол».

Трэніровачная форма ў шэрым адценьні

Запрошаным кіраўнікам фэдэрацый і журналістам паказалі камплекты парадных строяў і трэніровачнай амуніцыі. Адрозна ад папярэдніх узораў, у колеравай гаме да мінімуму зьведзены зялёны, які да таго намагаліся спалучыць з чырвоным.

Цяпер дамінуюць белы, чырвоны, чорны і шэры розных адценьняў. У шапкі і швэдры ўведзены элемэнты нацыянальнага арнамэнту. Форма выраблена літоўскай кампаніяй Audimas на вытворчых магутнасьцях у Лідзе.

Талісманам беларускай нацыянальнай зборнай будзе Агрык. Гэта нявызначаная істота, названая ў гонар аднаго са спонсараў НАК Беларусі — «Белаграпрамбанку». Афіцыйным тварам Алімпіяды-2018 стане белы тыгр па мянушцы Сухаран.

Беларускі талісман Агрык

Спартовыя чыноўнікі ня сталі ўдакладняць памер бюджэту, вызначанага на ўдзел у Алімпіядзе-2018 для каманды Беларусі. Абмежаваліся толькі тым, што сума, маўляў, нязначная, паколькі склад дэлегацыі непараўнальны з удзельнікамі летніх гульняў. Найбольш затратным — працяглы пералёт да Сэулу.

Не сакрэт, што практычна ўсе выдаткі — ад авіяквіткоў да пражывання ў вёсцы — салідарна аплочваюць Нацыянальны алімпійскі камітэт і Міністэрства спорту і турызму. Міжнародны алімпійскі камітэт бярэ на сябе клопат за дастаўку на аб’екты і кухню.

У гэтым сэнсе істотнай фінансавай палёгкай будзе адсутнасьць хакеістаў. Беларусы ня здолелі прайсьці сіта кваліфікацыйнага адбору і ў Пхёнчхан не паедуць. З улікам, што адна хакейная каманда з трэнэрамі і пэрсаналам перавышае колькасьць уладальнікаў ліцэнзый для Беларусі, разам узятых, эканомія відавочная. Да таго ж, як выказаўся ў кулюарах адзін з супрацоўнікаў Мінспорту, каб яшчэ былі якія спадзяваньні на посьпех, а так гаворка пра «банальных турыстаў».

Парадныя строі нацыянальнай зборнай Беларусі

Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Дзяніс Мужжухін адзначыў, што ўсе чальцы зборнай прайшлі неабходныя тэсты. Пры гэтым заклікаў трэнэраў і спартоўцаў адмовіцца ад таго, каб браць з сабой дадатковыя фармакалягічныя прэпараты. Па яго словах, ня той выпадак, каб рызыкаваць на фоне допінгавага скандалу з расейцамі.

Напярэдадні Рыё-2016 у Францыі былі затрыманыя ўдзельнікі беларускай вясьлярнай каманды, якую падазравалі ў захаваньні забароненых прэпаратаў. Пазьней спартоўцаў апраўдалі, аднак да Алімпіяды да заканчэньня разьбіральніцтва не дапусьцілі.