Па выніках сустрэчы з кіраўніцтвам Алімпійскага камітэту Расеі (АКР) стала вядома, што ў сьпісе патэнцыйных удзельнікаў няма шэрагу вядомых атлетаў. Сярод іх біятляніст Антон Шыпулін, лыжнік Сяргей Усьцюгаў, шорт-трэкіст Віктар Ан, цэлая група хакеістаў зборнай.
«Такія спартоўцы, як Шыпулін, Усьцюгаў ці Ан, не былі фігурантамі разглядаў у рамках камісіі Освальда, ніколі не былі замешаныя ў якіх-колечы допінгавых гісторыях. Усе шматлікія пробы, здадзеныя за кар’еру, сьведчаць, што яны «чыстыя» спартоўцы. Тым ня менш іх прозьвішчы ў сьпісе патэнцыйных удзельнікаў Гульняў адсутнічаюць«,— цытуюць расейскія мэдыі першага віцэ-прэзыдэнта АКР Станіслава Пазьнякова.
У сувязі з гэтым, заявіў Пазьнякоў, 23 студзеня на адрас МАК накіраваны афіцыйны ліст з запытам адносна канкрэтных прычынаў, дзеля якіх лідэры расейскіх камандаў у шэрагу відаў спорту ня ўключаныя ў сьпіс патэнцыйных удзельнікаў Алімпійскіх гульняў — 2018.
«У адпаведнасьці з рашэньнямі выканкаму МАК валодае выключным правам запрашаць ці не запрашаць тых ці іншых спартоўцаў. Разам з тым гэтыя прычыны павінны быць абгрунтаваныя і растлумачаныя. Мы першапачаткова зыходзілі зь непарушнага права ўсіх „чыстых“ атлетаў удзельнічаць у Алімпіядзе. На вялікі жаль, у тым сьпісе, які нам падалі, не аказалася цэлага шэрагу вядучых расейскіх спартоўцаў па некалькіх відах спорту», — падсумаваў спартовы функцыянэр.
Акрамя таго, як стала вядома расейскім СМІ, Фэдэрацыя хакею Расеі вядзе «маштабную працу» дзеля ўключэньня ў выніковы сьпіс МАК вядомых гульцоў зборнай, якія маюць стратэгічную ролю ў нацыянальнай камандзе. Шмат каго зь іх таксама няма ў пераліку запрошаных у паўднёвакарэйскі Пхёнчхан.
Летась у сьнежні Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў расейскай зборнай выступаць на зімовых Гульнях-2018 у Пхёнчхане — у сувязі з «сыстэматычнымі маніпуляцыямі ў антыдопінгавай сыстэме».