Дацэнт факультэту права маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі, кандыдат юрыдычных навук Аляксандар Савельеў быў адным з кансультантаў пры распрацоўцы ў Беларусі дэкрэту №8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Сярод іншага, дэкрэт дазваляе праз беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў рабіць біржы крыптавалютаў, здабываць крыптавалюты і ствараць уласныя.
У інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Савельеў расказаў як беларускі дэкрэт №8 памяняў рыторыку расейскага Міністэрства фінансаў, як рэагуе на дэкрэт расейскі ІТ-бізнэс і ці прыйдуць у Беларусь «брудныя грошы».
— Вы даволі высока ацэньваеце сам працэс распрацоўкі дэкрэту № 8 — пішаце пра палітычную волю, кансалідацыю экспэртнай супольнасьці і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Беларусі. І адначасова крытыкуеце тое, як распрацоўваюць нарматывы ў гэтай сфэры ў Расеі. На вашую думку, ці можна ўжо цяпер казаць, што Беларусь атрымала з дапамогай гэтага дэкрэту канкурэнтную перавагу перад Расеяй у IT-сфэры?
— Цяпер сапраўды адбываецца канкурэнцыя ня толькі ў сфэры тэхналёгій, але і ў сфэры нарматыўнага рэгуляваньня таго, як гэтая тэхналёгія выкарыстоўваецца. Магчымасьці прыцягнуць тэхналягічныя кампаніі на тэрыторыю адпаведнай юрысдыкцыі залежаць ад таго, наколькі спрыяльным будзе рэгуляваньне. Таму тут ня толькі канкурэнцыя паміж Беларусьсю і Расеяй. Гэта сусьветны трэнд, улічваючы трансгранічную прыроду інтэрнэту і такіх тэхналёгій.
Напісаць ня так складана — складана рэалізаваць.
Дзякуючы гэтаму дэкрэту, Беларусь ужо мае рэгуляваньне. А паколькі ў Расеі такое рэгуляваньне плянуюць прыняць толькі недзе да сярэдзіны наступнага году, гэта значыць, што Беларусь ужо на некалькі крокаў наперад.
Але ключавую ролю будзе адыгрываць тое, як менавіта гэты дэкрэт будзе ўжывацца. Наколькі тыя ідэі, якія закладзеныя ў ім, будуць рэалізаваныя на практыцы. Напісаць ня так складана — складана рэалізаваць.
Your browser doesn’t support HTML5
— Вы маеце кантакты ў расейскіх бізнэс-колах. Ці ёсьць там цяпер зацікаўленасьць у сувязі з гэтым дэкрэтам і жаданьне прыйсьці і паўдзельнічаць у гэтым экспэрымэнце?
— Калі я чытаю сэмінары, прысьвечаныя праблематыцы рэгуляваньня блокчэйну, і сярод ІТ-спэцыялістаў, і ў межах вышэйшых навучальных устаноў, я бачу дастаткова высокую зацікаўленасьць гэтым дэкрэтам. Дэкрэт пакуль не ўступіў у сілу, таму можна казаць хутчэй пра пазыцыю чаканьня. Але на фоне той нявызначанасьці і часам жорсткіх заяваў з боку нашых рэгулятараў, у тым ліку Міністэрства фінансаў, безумоўна, зацікаўленасьць ёсьць.
Памянялася рыторыка расейскіх дзяржаўных органаў.
Мы ў Расеі зацікаўленыя, каб у вас у гэтай сфэры атрымалася як мага лепш. Бо гэта дае вельмі моцны стымул для таго, каб у нас нарэшце сталі рабіць як мінімум ня горш. Пасьля прыняцьця гэтага дэкрэту памянялася рыторыка расейскіх дзяржаўных органаў — таго ж Мінфіну. Наўпрост праскоквае, што калі будзе надта жорсткае рэгуляваньне, усе зьбягуць у беларускую юрысдыкцыю.
— Вы пішаце, што шэраг палажэньняў дэкрэту не самадастатковыя і што спатрэбяцца ўдакладненьні. Вы бачыце тут нейкія сур’ёзныя «падводныя камяні» — што трэба удакладняць найперш і што менавіта можа пайсьці ня так?
— Адны зь першых пытаньняў, які трэба будзе вырашыць, тычацца публічна-прававых аспэктаў. Пытаньні зьвязаныя зь яснай працэдурай бухгальтарскага ўліку адпаведных актываў — токенаў і транзакцый зь імі, падаткаабкладаньня. Большасьць дыскусій цяпер зводзіцца менавіта да гэтага. Таксама мне здаецца, што ўзьнікнуць пытаньні, зьвязаныя з ICO [Initial coin offering, «першасная прапанова манэт» — продаж інвэстарам фіксаванай колькасьці крыптавалютаў, атрыманых разавай ці паскоранай эмісіяй].
Цяпер гэта прапісана дастаткова «высокаўзроўнева» — распрацоўка адпаведных правілаў ў значнай ступені вызначаецца самімі апэратарамі ICO. Тут, вядома ж, будзе цікава, як менавіта гэта будзе рэалізавана, якія стандарты будуць разьвівацца, на якія найлепшыя практыкі будуць арыентавацца.
Трэба спачатку «абкатаць» гэта на прафэсіяналах.
Яшчэ адзін момант — гэта пытаньні, зьвязаныя са смарт-кантрактамі. Было шмат дыскусій пра палажэньне, што асоба лічыцца азнаёмленай з умовамі смарт-кантракту, выяўленымі ў форме праграмнага коду, пакуль не даведзена іншае. Гэта крыху аднабакова, бо зыходнага коду можа ня быць у доступе, і асоба можа ня цалкам разумець яго значэньне, і гэтак далей. Тут спатрэбяцца дадатковыя тлумачэньні. На маю думку, гэта мусіць тычыцца толькі ўгодаў паміж рэзыдэнтамі Парку высокіх тэхналёгій, а не староньніх грамадзян ці юрыдычных асобаў па-за межамі ПВТ. Трэба спачатку «абкатаць» гэта на прафэсіяналах.
— Вы пішаце, што дэкрэт № 8 фактычна стварае рэжым «рэгуляторнай пясочніцы». Пры гэтым вы цытуеце аргумэнт, што такі рэжым можа пагоршыць сытуацыю для тых, каго ў «пясочніцу» ня пусьцяць. Вы бачыце небясьпеку, што нейкія рэчы, якія раней былі фактычна дазволенымі, цяпер стануць нелегальнымі?
— У ідэале такога быць не павінна. Іншымі словамі, рэжым, вызначаны дэкрэтам, павінен паляпшаць становішча, зьвязанае з рэгуляваньнем інфармацыйных тэхналёгій, а не пагаршаць яго. Але ўлічваючы блізасьць беларускай і расейскай прававой культуры, ёсьць рызыка, што калі нешта наўпрост прапісалі, дык судзьдзя альбо праваўжывальнік з кансэрватыўнымі і бюракратычнымі схільнасьцямі зробяць выснову: «А вось раней, значыць, гэта было незаконна. Інакш бы не давялося гэта адмыслова прапісваць». Я катэгарычна нязгодны з такой інтэрпрэтацыяй, бо становішча не павінна пагаршацца параўнальна з тым, што было раней.
Тут шмат будзе залежаць ад таго наколькі апэратыўна і эфэктыўна адпаведныя рэгулятары будуць карэктаваць такія падыходы, каб гэта не ўкаранялася. Таму я б сказаў так: рызыка ёсьць, але ёсьць інструмэнты, каб гэтую рызыку мінімізаваць.
Your browser doesn’t support HTML5
— Паводле дэкрэту, токены не трапляюць пад заканадаўства аб прадухіленьні легалізацыі злачынных даходаў. Ці ёсьць небясьпека, што ў гэтую сфэру прыйдуць «брудныя грошы»?
— Наколькі я ўяўляю сабе цяперашнія палажэньні дэкрэту ў гэтай частцы, там няма дэталёвага рэгуляваньня, як ужываць гэтае заканадаўства. Там хутчэй адсылачная норма, якая прадугледжвае неабходнасьць канкрэтызацыі адпаведнымі рэгулятарамі. Таму я б пакуль не рабіў ніякіх высноваў. Трэба будзе паглядзець, якія будуць прынятыя падзаконныя акты ў гэтай сфэры і як будзе ўжывацца заканадаўства. Відавочна, што крыптавалюта і ўгоды з токенамі могуць выкарыстоўвацца як на карысьць, гэтак і на шкоду. І відавочна, што будзе попыт на тое, каб выкарыстоўваць іх для адмываньня сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.
Тут сам факт наяўнасьці ці адсутнасьці забароны наўрад ці сур’ёзна паўплывае на колькасьць транзакцый. Бо тыя людзі, якія робяць такога кшталту транзакцыі, ужо зрабілі свой выбар, і ім закон не пісаны. Таму я не чакаю, што ўсе адразу кінуцца ў Беларусь адмываць свае злачынныя даходы.
— Давайце канкрэтызуем — напрыклад, ёсьць умоўны калюмбійскі наркакартэль, які вырашыў прадаць буйную партыю какаіну за біткойны ці за іншую крыптавалюту. А потым з гэтай крыптавалютай гэтыя людзі прыходзяць на крыптабіржу у беларускі ПВТ, каб купіць іншыя токены ці валюту. Для вас, як для юрыста, гэтая схема гучыць надумана і прыцягнута за вушы?
— Я думаю, што напэўна не — яна не прыцягнута за вушы і яе наўрад ці варта выключаць. Але я ня думаю, што сытуацыя будзе прынцыпова мяняцца, калі гэтыя ж токены будуць выкарыстоўвацца недзе яшчэ. Бо практычна немагчыма прасачыць гісторыю іх зьяўленьня і што за іх было набыта, улічваючы тую ступень ананімнасьці ці псэўдаананімнасьці, якая існуе ў біткойнаўскім блокчэйне. Калі толькі адмыслова не сачыць за канкрэтнымі кампаніямі ці людзьмі, як гэта ў свой час рабіла ФБР з Silk Road — найбуйнейшай плятформай па гандлі наркотыкамі ды іншымі нелегальнымі аб’ектамі. Там у выніку дэталёва сплянаванай апэрацыі атрымалася выйсьці на заснавальніка гэтай плятформы Роса Ульбрыхта і закрыць гэты рэсурс. Але на гэта былі сканцэнтраваныя агромністыя высілкі праваахоўных органаў.
Нельга чакаць, што такога кшталту аналіз будзе рабіцца ў адносінах да кожнага токена, кожнага біткойна. Таму так — з дапамогай крыптавалют можна адмываць злачынныя даходы, але гэта ў большай ступені праблема, так бы мовіць, «архітэктурная». І я ня думаю, што дэкрэт у гэтым істотным чынам адрозьніваецца ад таго, што робіцца ў іншых краінах. Я б пачакаў таго, што будзе зроблена беларускімі рэгулятарамі ў гэтай сфэры і наколькі гэтыя крокі будуць эфэктыўнымі.
— Я б тады перафармуляваў пытаньне. Наколькі вялікая рызыка, што гэты дэкрэт можа стварыць імідж Беларусі як месца для адмываньня злачынных грошай? І што павінны зрабіць рэгулятары, каб гэтую рызыку мінімізаваць?
Рызыкі ёсьць, але наўрад ці яны істотна вырасьлі пасьля прыняцьця гэтага дэкрэту.
— Што тычыцца рэгулятараў, дык, наколькі я разумею, нейкі час таму ўжо было прынятае адпаведнае заканадаўства, якое адпавядае рэкамэндацыям міжнароднай арганізацыі ў гэтай галіне — FATF [Група распрацоўкі фінансавых мераў барацьбы з адмываньнем грошай]. Таму базавыя рэчы ўжо прынятыя, пытаньне толькі ў іх эфэктыўнай рэалізацыі.
Трэба яшчэ ўлічваць, што акрамя Беларусі ёсьць шмат краінаў з больш лібэральным заканадаўствам ці дзе ўвогуле не прынялі ніякага заканадаўства ў гэтай сфэры, але арганізуюць адпаведныя біржы. Таму я ня думаю, што ў гэтым выпадку Беларусь найбольш прывабная юрысдыкцыя для тых, хто мае заведама супрацьпраўныя мэты. Рызыкі ёсьць, але наўрад ці яны істотна вырасьлі пасьля прыняцьця гэтага дэкрэту.
— Калі вы дапамагалі ў распрацоўцы дэкрэту як кансультант, якія былі вашыя ўражаньні ад кантактаў з IT-супольнасьцю Беларусі, зь беларускімі юрыстамі, прадстаўнікамі ўлады?
— З прадстаўнікамі ўлады я напрост не кантактаваў — гэты цяжар браў на сябе Дзяніс Алейнікаў [зь юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і Партнэры»] і ягоныя калегі, таму тут не магу камэнтаваць. Са свайго досьведу камунікацый зь беларускімі калегамі магу сказаць толькі пазытыўнае, ня толькі па блокчэйне, але і ў шэрагу іншых сфэраў, — напрыклад, пра кантакты з кампаніяй Wargaming.
Мне было вельмі камфортна і прыемна працаваць з калегамі зь Беларусі. Зь Дзянісам Алейнікавым мы шмат гадзін абмяркоўвалі розныя варыянты, і ніводнага разу не было, каб мы разьвітваліся зь нейкімі недагаворанымі пытаньнямі. Гэта крыху адрозьніваецца ад таго, як часам дыскусіі праходзяць у нас, у Расеі. Калі адбываецца шмат круглых сталоў, мерапрыемстваў у межах працоўных групаў і шмат сыходзіць на арганізацыйныя пытаньні, але рэальнай дыскусіі, на жаль, часам няма.
Што там у новым «ІТ-дэкрэце»? Каротка пра асноўнае
У БНТУ адкрылі спэцыялізацыю «крыптавалюты і дэрыватывы»
Для майнінгу крыптавалют, магчыма, будуць выкарыстоўваць БелАЭС
Чалы: Адбыўся «рэгулятыўны захоп» — айцішнікі паставілі карпаратыўныя інтарэсы вышэй за нацыянальныя